Пранесла? Хто з топавых бізнесменаў (пакуль) пазбег заходніх санкцый

24/09/2021 - 14:36
Павел Тапузідзіс, Віктар Пракапеня, Аляксандр Машэнскі / калаж Еўрарадыё

Адна з мэт заходніх санкцый — "кашалькі рэжыму" Аляксандра Лукашэнкі. Так называюць бізнесменаў, якія блізкія да ўладаў і атрымліваюць з гэтага выгаду, а наўзамен усяляк "дапамагаюць" і падтрымліваюць вышэйстаячых.

Некаторыя з іх ужо пад санкцыямі — напрыклад, Аляксей Алексін і Мікалай Варабей. Але некаторыя дагэтуль "праскокваюць паміж цуркамі", хоць іх нярэдка называюць лаяльнымі беларускім уладам. Расказваем, хто яны і якія бізнесы кантралююць.

 

Рыбны кароль

У абноўленым рэйтынгу ста самых паспяховых бізнесменаў Беларусі Аляксандр Машэнскі займае 6-е месца. Сярод асноўных яго актываў — "Санта Брэмар" і "Савушкін прадукт". Ёсць кампаніі ў Машэнскага ў Расіі, Украіне і Малдове.

За гады сваёй працы Машэнскі не толькі змог пераканаць улады прадаць яму шэраг дзяржаўных малаказаводаў і гандлёвых сетак, але і пабываў дэлегатам на Усебеларускім народным сходзе ў 2010 годзе — яго ў сваёй прамове згадваў Лукашэнка. У тым жа годзе Машэнскі быў даверанай асобай на выбарах.

Машэнскі частаваў Лукашэнку сваёй прадукцыяй

Увайшоў ён і ў Савет па развіцці прадпрымальніцтва. Акрамя таго, бізнесмену даверылі кіраўніцтва Беларускай федэрацыяй веславання. Аляксандр Машэнскі атрымаў у спадчыну гэтую пасаду ад Пятра Пракаповіча, які ў той момант узначальваў Нацбанк.

Машэнскі ўваходзіць у Беларуска-Расійскі дзелавы савет, мае дзяржаўныя ўзнагароды. Нарэшце, у 2018-м ён за 20 тысяч рублёў купіў на аўкцыёне шакаладку з аўтографам Лукашэнкі.

Чаму Аляксандр Машэнскі не трапіў пад санкцыі? Пра тое, што яго збіраюцца ўключыць у "чорныя спісы", паведамлялі некалькі незалежных крыніц. Пацвярджаў гэта і сам Машэнскі — больш за тое, казаў, што "прыняў пэўныя меры", каб не трапіць пад абмежаванні.

"Гасцямі" кампаніі Пракапені былі Лукашэнка і кіраўнік ПВТ Усевалад Янчэўскі

Пазней Пракапеня ўдзельнічаў у падрыхтоўцы дэкрэта "Аб развіцці лічбавай эканомікі" і актыўна прасоўваў яго.

У пачатку 2020-га ў СМІ звярнулася прэс-служба гуцарыеўскага "Слаўкалія" з прапановай апублікаваць падпісаны імем Пракапені артыкул пра поспехі ўладаў у барацьбе з каранавірусам. Некаторыя выданні яго апублікавалі.

У першыя дні жнівеньскіх пратэстаў ён зрабіў заяву: "Я не магу глядзець на тое, што адбываецца, без болю. Я супраць гвалту. Кожны акт гвалту спараджае новае зло. Мы ўсе вельмі розныя, але ўсе праблемы павінны вырашацца толькі і выключна мірным шляхам. Беларусь — наш агульны дом і наша Радзіма. Мы ўсе за яе адказваем. Нам трэба навучыцца дамаўляцца. Толькі дыялог". На наступны дзень бізнесмен абвясціў пра вылучэнне 100 тысяч долараў на дапамогу пацярпелым. Пазней ён не рабіў ніякіх заяў на карысць ні аднаго з бакоў.

 

Грэцкі сябар

Бізнесмену Паўлу Тапузідзісу ў свой час дазволілі парушыць манаполію дзяржавы на тытунёвую вытворчасць. Доўгі час у Беларусі былі толькі дзяржаўная фабрыка "Нёман" і яго "Тытунь-інвест". Пазней да ліку дапушчаных да гэтага бізнесу дадаўся і Аляксей Алексін.

Тапузідзіс у ролі кіраўніка ўчастковай камісіі на парламенцкіх выбарах 2016 года / БелаПАН

Вядома ж, бываў ён і на Усебеларускім народным сходзе.

Бізнесмен не раз сустракаўся з Лукашэнкам: то ў яго працоўным кабінеце, то на Нарачы, дзе Тапузідзіс планаваў будаваць водны цэнтр. Уласна, і поглядаў сваіх ён ніколі не хаваў: "Некаторыя думаюць, што можна ўсё і за гэта нічога не будзе. Не. Павінен быць і парадак, і паслабленні, і павінна быць заўсёды грамадзянская адказнасць", — казаў Павел Тапузідзіс у эфіры БТ летам 2020-га.

Як і Машэнскі, Тапузідзіс таксама ганаровы консул. Прычым адразу дзвюх краін: Грэцыі (што лагічна, улічваючы яго карані) і Румыніі. Магчыма, гэта таксама стала фактарам яго нетрапляння пад санкцыі.

 

Таварыш па хакеі

Павел Белы апошнім часам нячаста з'яўляецца ў публічным полі. Можа, таму яго імя вам не здаецца такім знаёмым. Тым часам у рэйтынгу бізнесменаў ён займае 21-е месца і валодае буйной кампаніяй-забудоўшчыкам.

Пачынаў Белы як хакеіст, пазней гуляў за каманду Лукашэнкі... і пайшоў у бізнес. Цяпер сярод яго актываў значацца кампанія "Тапас", рыэлтарская фірма "Мегаполіс", трэнажорныя залы "Платформа" і X-Fit і многае іншае.

 

Белы стаіць злева ад Лукашэнкі / БЕЛТА

Летась прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант купіла кватэру ў комплексе "Алімпік-Парк" у бацькі Паўла Белага. Яго кампанія таксама пабудавала скандальна вядомы рэстаран "Лебядзіны", на адкрыццё якога прыходзіў Лукашэнка. Тамсама ў траўні 2020-га канцэрт для "сваіх" ладзіў Віктар Лукашэнка, а ў жніўні выходзіла замуж Вікторыя Лукашэнка, унучка галавы сям'і.

Не "адыходзіць ад цела" Белы і ў спартыўным сэнсе: напрыклад, удзельнічае ў "Мінскай лыжні" ў камандзе Лукашэнкі.

Ніякіх прыкметных замежных сувязяў у Белага няма.

 

Даглядальнік Зімбабвэ

У рэйтынгу бізнесменаў Аляксандр Зінгман займае сціплае 62-е месца, хоць ягоны ўплыў выглядае досыць сур'ёзным. Ён давераная асоба экс-кіраўніка Кіраўніцтва справамі Віктара Шэймана і, хай з Лукашэнкам непасрэдна не кантактуе, цесна працуе з ягоным канфідэнтам. Імя Зінгмана таксама гучала ў кантэксце прапанаваных апазіцыяй санкцыйных спісаў.

Зарэгістраваная ў ААЭ кампанія Зінгмана Aftrade прадае ў Афрыку беларускую і расійскую тэхніку. Праўда, афрыканскія СМІ нярэдка заяўляюць і пра тое, што бізнесмен займаецца не толькі трактарамі, але і зброяй. У тым ліку па падазрэнні ў гэтым яго затрымлівалі ў пачатку года ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.

Зінгман (у цэнтры) п'е віно ў кампаніі прэзідэнта Замбіі / NewsDiggers

У Зінгмана добрыя сувязі з кіраўніцтвам некаторых афрыканскіх краін і, як сцвярджаюць мясцовыя СМІ, з некаторымі дзеячамі з Ізраіля.

Паралельна Зінгман — ганаровы консул Зімбабвэ ў Беларусі. Зразумела, гэта ніяк яму не дапамагае змагацца з магчымым трапляннем пад санкцыі, затое бізнесу спрыяе.

 

Хто трапіць пад новыя санкцыі?

Еўрасаюз працягвае працу над пятым пакетам санкцый, новыя абмежаванні рыхтуюць і ЗША. Канкрэтыкі адносна іх пакуль няма. Аднак гучала і тое, што пашыраны санкцыі могуць быць супраць асобных "кашалькоў". Далей усё залежыць ад ступені абгрунтаванасці і адпаведнасці крытэрам. Ну і ад лобі, вядома.

Новыя санкцыі могуць быць абвешчаныя ўжо ў кастрычніку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі