Пракурор заявіў, што сведка па справе байкера 32 разы прыцягваўся да адказнасці

27/10/2016 - 10:14

У чацвер, 27 кастрычніка, у судзе Цэнтральнага раёна Мінска працягнуўся гучны працэс па справе байкера Сяргея Шаўцова, які ў красавіку трапіў у ДТЗ з інспектарам ДАІ Уладзімірам Таўпінцом.

Сведка, якога не запрасілі на суд па гучнай аварыі, выступіў пасля хадайніцтва адвакатаў Шаўцова. Аляксандр П., сведка гучнай аварыі, у якой ледзь не загінуў інспектар ДАІ, быў адным з першых, хто падбег да пацярпелага. Ён чакаў запрашэння ў суд, але яго не паклікалі.

Сведка: “Я — пенсіянер (1954 года нараджэння), але працягваю працаваць. 18 красавіка ехаў па праспекце Машэрава ў бок Казлова, дзе знаходзіцца маё прадпрыемства. У трэцім левым шэрагу. Пры пад'ездзе да скрыжавання з праспектам Незалежнасці я спыніўся трэцім па ліку ў сваёй паласе. Аўтамабіль ДАІ быў першы ў крайняй правай паласе руху. Пабачыў на трамвайных шляхах каля прыпынку матацыкл, звярнуў на гэта ўвагу. Ён стаяў спакойна, прадказальна. Праз паўхвіліны дзесьці пад’ехаў трамвай, матацыкліст у гэты час адкаціўся наперад, вызваліў месца для пасажыраў. Там, куды ён адкаціўся, яго пабачылі інспектары ДАІ.

Прамільгнула фігура інспектара ДАІ, і я цалкам пераключыў увагу на канфлікт. Мяне заўжды цікавяць працэдурныя моманты. Я знаходзіўся прыкладна ў 15 метрах ад дзеяння. Я не пабачыў, каб інспектар казырнуў. Спыніўся ён у адносінах да матацыкліста прыкладна на дзве гадзіны (прыкладна на 35% справа. — Еўрарадыё). Праз нейкі час рука інспектара пацягнулася да руля матацыкла. Мне здалося, што інспектар дакрануўся да руля, потым рухавік ўзравеў, а калі абароты ўпалі, матацыкл павольна, па крывой траекторыі паехаў на цэнтр скрыжавання”.

На пытанні адвакатаў байкера Шаўцова відавочца ўдакладніў, што ў матацыкліста была магчымасць уцячы: у адваротны бок па вуліцы Машэрава. Але Шаўцоў спакойна падпусціў да сябе інспектара, ногі байкера былі на асфальце падчас гутаркі з супрацоўнікам ДАІ.

Пасля гэтага сведцы пачаў задаваць пытанні пракурор:

— Ці бачылі вы сутыкненне рукі інспектара з рулём?

— Я не мог бачыць яго з 15 метраў. Ручка руля была закрытая рукой матацыкліста. Левая рука інспектара была схаваная рукой матацыкліста.

— То бок самога кранання вы не бачылі? — працягваў удакладняць пракурор.

Дзяржабвінаваўца ўзяў пратакол допыту гэтага ж сведкі з матэрыялаў крымінальнай справы ад 9 жніўня. І знайшоў там інфармацыю пра тое, што інспектар ДАІ рабіў левай рукой. На гэта сведка адказаў, што не помніць, што адбывалася з левай рукой і выказаў меркаванне, што падчас друкавання пратаколу допыту магла быць і тэхнічная памылка, хоць ён і распісаўся пад паперай.  

— Вы прачыталі і падпісалі тое, што вы не гаварылі? — строга настойваў пракурор.

— Сёння я не памятаю, што з левай рукой.

— Згодна з базай ДАІ вы прыцягваліся [да адказнасці] не менш за 32 разы і пазбаўляліся правоў, — нечакана пракурор пачаў дэманстраваць негатыўнае аблічча сведкі. Мабыць, для таго, каб суд паразважаў, што мужчына можа апрыёры дрэнна ставіцца да службы ДАІ.  

— Такое было, але пасля гэтага рашэнне было адменена. Але ўсё гэта не мае адносінаў да справы, — адбіваўся сведка.  

Таксама пракурор зрабіў П. заўвагу, каб сведка не аналізаваў, а даваў дакладныя адказы суду. У той жа час 25 кастрычніка, калі ў судзе выступаў сведка з “БМВ”, які “тапіў” байкера і хваліў ДАІ, заўваг яму не рабілася. Тым не менш чалавек шмат аналізаваў, выказваў ацэначныя меркаванні і нават выходзіў з трыбуны і экспрэсіўна суправаджаў свае словы рухамі. Усё гэта на той момант пракурора не турбавала.

Байкер Сяргей Шаўцоў

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі