“Грошай хапала толькі на сэканд” — шчырая размова з маладой настаўніцай

27/09/2023 - 14:50

Лілія Гусарава  / @rubanau_collage

Маладая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лілія Гусарава бярэ ў рукі свой першы разлічнік. І… у ім сказана, што за месяц настаўніца “напрацавала” на 500 рублёў. Гэта было два гады таму.

— Пакуль працавала ў школе, гаворка пра тое, каб набываць рэчы ў крамах тыпу ZARA ці H&M — то-бок, у крамах, якія ў Еўропе лічацца мас-маркетам — нават не ішла. Грошай хапала толькі на “сэканд” — астатняе сыходзіла на аплату жытла і ежу, — шчыра прызнаецца Лілія. — Я вельмі любіла сваю працу: дзетак, беларускую літаратуру. Але такія заробкі моцна дэматывуюць. Трэба ж за нешта жыць.

Лілія была закаханая ў беларускую літаратуру. Пяцікласнікі — у Лілію. У 2020 годзе дзяўчына два тыдні правяла ў ІЧУ. З 2021 года яна больш не працуе ў школе.

Лілія Гусарава / фота з сацсетак суразмоўніцы Еўрарадыё

Заробак тады ў мяне быў рублёў 400, але мяне гэта задавальняла, бо праца была нескладанай і любімай. Мне вельмі падабалася працаваць з дзецьмі, а дзеці вельмі любілі мяне.

 

Размеркаванне: “Вёска — страх нумар адзін”

Надыходзіла размеркаванне. Больш за ўсё Лілія баялася патрапіць у вёску.

— Мяне хацелі адправіць у вёску. Гэта быў мой страх нумар адзін. Я ведаю, у якіх умовах там выкладаюць і жывуць маладыя настаўнікі.

Але мы з былым мужам тады ўжо ажаніліся, і я прыйшла на пераразмеркаванне ў сваю гімназію.

А чыноўнікі запыталіся б у Ліліі — а хто ж будзе працаваць на вёсцы!?

— Дык трэба ствараць умовы, каб людзі хацелі там працаваць. І тут справа не толькі ў грашах, а ў інфраструктуры. Я сама вучылася ў аграгарадку і цудоўна ведаю, што такое жыць у маленькім паселішчы, дзе няма нічога, апроч некалькіх крамак са стандартным прадуктовым наборам.

Я не бачу будучыні ў вёсцы, калі там працягнецца выміранне. Там амаль няма каго вучыць, бо там ніхто не хоча жыць. З актыўнасцяў для моладзі там ёсць хіба што школьныя спортзалы.

 

“Цэлы месяц падмяняла настаўніцу — змагла дазволіць сабе пінжак”

— На другі год — увосень 2020 года — мне сказалі, што дадуць класнае кіраўніцтва. Першы месяц працы даўся мне надта цяжка праз тое, што давялося ўпершыню ў жыцці запаўняць шмат паперак. Часам я вылазіла са школы толькі а дзевятай гадзіне вечара. Цікаўнасці да маладога спецыяліста ніхто не выказваў і дапамагчы асабліва не прапаноўвалі, бо ва ўсіх шмат сваёй працы.

Але, не гледзячы на стому, мне вельмі падабалася праца ў школе — я любіла літаратуру, я любіла дзяцей.

Менавіта тады Лілія і атрымала свой першы сапраўдны працоўны заробак у 500 рублёў. І шчыра кажа — “афігела ад такой лічбы”.

— Пасля заробак падняўся прыкладна да 700 рублёў. Але ў той час мы развяліся з мужам, і мне давялося шукаць жыллё. Я здымала пакой, і на гэта сыходзіла большая частка заробку. За пакойчык плаціла 120 долараў, большая частка з тых грошай, што заставаліся, сыходзіла на ежу. У мяне быў сабака, частка грошай сыходзіла на корм і прышчэпкі для яго.

Памятаю месяц, калі мне давялося падмяняць адну настаўніцу, якая захварэла. Я тады шмат працавала, і напрыканцы месяца мне заплацілі аж 900 рублёў. У той месяц я змагла сабе дазволіць набыць пінжак з Zara. Гэта было ваў. У астатні час я набывала рэчы ў сэкандах ці на рынках. Падпрацоўвала ў анлайн-школе — з таго і жыла.

Увосень 2020 года Лілію затрымалі. Мы падрабязна распавядалі гэтую гісторыю тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі