Поўны гайд па LIDBEER-2018 (+мапа фэсту)

07/09/2018 - 10:14

8 верасня ў Лідзе стартуе самы буйны восеньскі open-air Беларусі — LIDBEER-2018. У горад прыедуць дзясяткі тысяч чалавек, піва будзе ліцца ракой, музыка — гучаць з кожнага праса, а прадпрымальныя мясцовыя жыхары будуць здаваць кватэры за 100 долараў. Як не згубіцца пасярод гэтага фестывальнага настрою? Еўрарадыё распавядае пра галоўныя моманты фестывалю.

Як дабрацца з Мінска?

Калі не на ўласнай машыне, то на цягніку, аўтобусе ці маршрутцы.

Што тычыцца квіткоў на цягнікі — яны яшчэ ёсць, хоць і засталося няшмат. У асноўным — у купэ. Зручна даехаць цягніком, які адыходзіць з Мінска а 7-й гадзіне раніцы і прыбывае ў Ліду а 10-й, калі фэст пачынае сваю працу. Хаця працаваць у гэты час будуць яшчэ не ўсе фестывальныя актыўнасці.

 

 

Скрыншот: rw.by

У гэтым годзе ў раскладзе таксама з'явіцца дадатковы цягнік, які будзе пушчаны менавіта дзеля таго, каб больш людзей здолела патрапіць на фестываль, а пасля і даехаць да Мінска. Звязана гэта з тым, што ў мінулыя разы вяртацца ў сталіцу пасля фестывалю было цяжка, у выніку чаго сотні маладзёнаў ночылі на чыгуначным вакзале.

Таксама можна яшчэ паспець знайсці квіток і на аўтобус. Давядзецца больш часу правесці ў дарозе, але па квітках варыянтаў нашмат больш.

 

Скрыншот: ticketbus.by

Даехаць можна і на маршрутцы — хутчэй, чым на аўтобусе, і нават танней. Але тут варта браніраваць усё загадзя — месцаў можа не хапіць.

Таксама зручны варыянт — афіцыйны бас-тур на фестываль. Яго прывабнасць у тым, што, нягледзячы на кошт у 53,5 рублёў, месца на дарогу дадому вам дакладна хопіць. Аўтобусы адпраўляюцца ад станцыі метро Каменная горка ў 10:00, 10:30, 11:00, 11:30 і 12:00. Ад’езд у Мінск запланаваны на 00:45.

Можна пашукаць і спадарожнікаў. У адпаведнай суполцы “УКантакце” ці на адмысловых сервісах.

Калі вы паедзеце на фэст на ўласнай машыне, майце на ўвазе, што на трасе Мінск—Гродна, якая злучае сталіцу Беларусі з Лідай, праводзяцца рамонтныя работы. Таму гэтая дарога да фестывалю можа апынуцца доўгай. Каб пазбегнуць затораў, арганізатары рэкамендуюць альтэрнатыўныя маршруты. Спачатку трэба ехаць па трасе Е30/М1 — 51 км да з'езду на Мір (дарога Р64). Далей, каля Міра, павярнуць на дарогу Р11 і рухацца да вёскі Ганчары, а потым выехаць на трасу Е85, якая прывядзе ў Ліду.

А на гэтай мапе можна пабачыць, што і дзе будзе перакрыта непасрэдна ў Лідзе. І, канешне, паркоўкі.

 

 

 

Прыехалі. Што далей?

Адметная рыса фестывалю — тое, што ён адбываецца наўпрост у цэнтры вялікага горада. Вы здолееце бясплатна патрапіць у большасць зон актыўнасцей, пад’есці ў шапіках на фудкорце і нават патанчыць каля “вольнай сцэны”. А вось каб паслухаць хэдлайнераў, давядзецца заплаціць.

Каб дапамагчы наведвальнікам фэсту, арганізатары распрацавалі мапу, дзе пазначаныя шапікі з ежай і півам, кропкі рамеснікаў, сувенірныя крамкі, прыбіральні, банкаматы і паркоўкі. Лепш за ўсё захаваць гэтую мапу на свой смартфон наўпрост зараз — з-за вялікай колькасці людзей мабільны інтэрнет можа працаваць вельмі павольна.

 

 

З тым, каб застацца ў Лідзе на ноч, усё складана. Квіткоў на транспарт у бок Мінска хопіць не ўсім, а месцы ў лідскіх гасцініцах на даты фестывалю пачалі браніраваць яшчэ ўзімку. Таму калі вы не аматар начовак на вакзале, захапіце з сабой намёт — і спыніцеся ў спецыяльна адгароджаным кемпінгу, прычым бясплатна! Намётавы лагер пачне сваю працу 7 верасня пасля 15:00, а з’ехаць трэба будзе не пазней за 15 гадзін 9 верасня, на наступны пасля фэсту дзень.

Калі ў вас няма сваёй турыстычнай экіпіроўкі — усё можна арандаваць на месцы. Так, за намёт на дваіх давядзецца заплаціць 14 рублёў, за спальны мяшок — 5 рублёў, а за мангал ды шампуры з вас возьмуць 12 рублёў.

Дзе паесці?

Каб увесь дзень наведвальнікі LIDBEER сілкаваліся грунтоўна, будуць задзейнічаныя 196 шапікаў фудкорту. Там прапануюць не толькі піўныя закускі, снэкі, фастфуд, але і гарачыя абеды розных кухняў свету.

На фудкорце пазначаць шапікі для тых, хто жадае набыць толькі піва, і тыя зоны, дзе ў наяўнасці і напоі, і ежа. Арганізатары звяртаюць увагу, што піць піва дазволена толькі на тэрыторыі фудкорту. Праход з півам да канцэртных пляцовак забаронены.

Яшчэ адной прыемнай нечаканасцю будзе бясплатны 5,5-метровы шашлык! З 14:00  у спецыяльнай зоне каля Лідскага замка яго будуць адначасова смажыць чацвёра кухараў. Госці свята змогуць не толькі паназіраць за працэсам, але і бясплатна пачаставацца рэкорднай закускай.

 

Чым заняцца?

На LIDBEER будзе працаваць вялікая дзіцячая пляцоўка з аніматарамі, батутам і іншымі забаўкамі, лазертаг для аматараў актыўнага адпачынку, розныя гульні, стральба з лука, луна-парк і цырк Сержа Бандарчука “DZIVA”. Кошт платных актыўнасцей фестывалю — ад 3 да 10 рублёў, квіткі на цыркавыя паказы — ад 10 да 25 рублёў.

Госці фестывалю таксама змогуць пацешыцца квасавым дартсам з нестандартнымі мішэнямі.

Не абыдзецца і без традыцыйных экскурсій на завод “Лідскае піва”. Трапіць на іх змогуць паўналетнія госці LIDBEER, колькасць месцаў абмежаваная. Экскурсійныя групы фарміруюцца ў парадку жывой чаргі з 7:30, а першыя экскурсанты трапяць на завод ужо а 8-й гадзіне. Запіс будзе весціся ля прома-стойкі каля галоўнага ўваходу на завод па адрасе: вул. Міцкевіча, 32.

А вось расклад актыўнасцей на фестывалі:

14:00 — 18:00 Пляцоўка “Афіцыйнае піва LIDBEER. Ідзём на рэкорд”

10:00 — 18:00 Зона “Лідскі квас”

10:00 — 21:00 Інфацэнтр

10:00 — 20:00 Музычныя прадстаўленні вакол Лідскага замка

10:00 — 20:00 Актыўнасці ў зоне сцэны гала-канцэрта

10:00 — 23:00 Сувеніры

18.00 — 20:30 Цырк

12:00 — 22:00 Луна-парк

10:00 — 23:00 Рамеснікі

10:00 — 20:00 Дзіцячая зона

08:00 — 18:00 Экскурсіі на завод “Лідскае піва”

13:00 — 17:00 Інтэрактыўны квэст

Што паслухаць?

 

На фестывалі будзе адразу дзве сцэны: “вольная” і “гала”.

На вольнай (і бясплатнай) сцэне з 13:00 будуць выступаць маладыя беларускія калектывы — пераможцы анлайн-галасавання. У гэтым годзе сцэна парадуе разнастайнасцю: тут і метал, і фолк, і поп-рок. Госці фестывалю змогуць ужывую паслухаць Yellow Arc 6 — лідараў галасавання, якія адкрыюць гала-канцэрт фестывалю LIDBEER у наступным годзе.

13:00 — 13:30 JOHN CONNOR

13:45 — 14:15 “Тарас на Парнасе”

14:30 — 15:00 Юлія Глебава і “Час Speak”

15:15 — 15:45 “Росы”

16:00 — 16:30 AILLION

16:45 — 17:45 Yellow Arc 6

Каб паслухаць хэдлайнераў, давядзецца пайсці да сцэны гала-канцэрта. Уваход сюды каштуе 30 рублёў, аднак у дзень фестывалю кошт можа змяніцца. Натуральна, у бок павышэння.

На пляцоўку гала-канцэрта гледачы змогуць трапіць з 10:00. Тут усё прадугледжана для камфортнага баўлення часу гасцей з раніцы і да сканчэння канцэртнай праграмы: адмысловая зона актыўнасцей, уласны фудкорт, санітарная зона.

На пляцоўцы ўсталююць спецыяльны памост для камфортнага прагляду канцэрта людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

На гала-сцэне выступяць хэдлайнеры фестывалю: Animal DжаZ, Воплі Відоплясова, Ленінград. Расклад выступаў будзе наступным:

17:35 — 18:00 “ЧуVство Полёта”

18:20 — 19:00 Nizkiz

19:20 — 20:20 Animal DжаZ

20:40 — 21:40 “Воплі Відоплясова”

22:25 — 23:45 “Ленинград”

Скончыць праграму фестывалю вялікі феерверк, які ўзляціць у паветра ў 23:45.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі