"Пошук шчылін — неэтычна": Ціханоўская аб адцягванні сыходу Yara з Беларусі

19/12/2021 - 09:35
Yara працягвае купляць калій у Беларусі / Еўрарадыё

Yara абяцала перагледзець супрацоўніцтва з Беларуськаліем да снежня, аднак пакуль сыходзіць з Беларусі не збіраецца.

Святлана Ціханоўская стэлефанавалася з СЕО Yara Свейнам Торы Холзетэрам. Падчас размовы яна нагадала пра рэпрэсіі ў Беларусі і падзялілася фактамі, якія паказваюць на прамы ўдзел менеджменту Беларуськалія ў фальсіфікацыі выбараў на працягу многіх гадоў.

Аднак Yara не збіраецца сыходзіць з Беларусі. Холзетэр адзначыў, што кіраўніцтва азнаёміцца з расследаваннем з нагоды фальсіфікацый выбараў з боку супрацоўнікаў Беларуськалія. Таксама кіраўнік Yara казаў аб забеспячэнні бяспечных умоў працы на беларускім прадпрыемстве. На думку Холзетэра, лепш прадпрымаць любыя магчымыя крокі па паляпшэнні сітуацыі з бяспекай працы, чым сысці з Беларусі і не мець уплыву.

Беларусы лічаць неэтычным такія паводзіны — пошук шчылін у санкцыях ЕЗ і ЗША. Гэта ўжо моцна паўплывала на рэпутацыю Yara ў Беларусі. Я ўжо казала пра гэта на званку з кіраўніком МЗС Нарвегіі і сустрэла разуменне міністра Хюітфельд. Мы працягнем падымаць пытанне спынення супрацоўніцтва Yara з рэжымнымі кампаніямі зноў і зноў. Бо гэта пазіцыя беларусаў, а я раблю гэта дзеля іх, — заявіла Ціханоўская.

Ужо 32 кампаніі, сярод якіх British American Tobacco, Rolls Royce, Scandia Steel, Becker Group, Hansen & Rosenthal, спынілі супрацоўніцтва з рэжымам і дзяржпрадпрыемствамі Беларусі, адзначыла Святлана Ціханоўская. Сумесна з імі плануецца скласці план для інвестыцый у новую Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі