Порт у Пецярбургу прыпыніў перавалку мінеральных угнаенняў "Беларуськалія"

18/06/2024 - 17:58

"Беларуськалій" не задавальняе цана за перавалку / Euroradio

Порт у Пецярбургу прыпыніў перавалку мінеральных угнаенняў "Беларуськалія". Вытворца і экспарцёр не пагадзіўся з прапанаванай расіянамі цаной за яе, ідуць перамовы. З расійскага боку ў іх удзельнічае кампанія "Балтыйскі судамеханічны завод". Як піша fontanka.ru, у ёй запэўнілі, што "у агляднай будучыні перавалка беларускіх угнаенняў будзе адноўлена". А пакуль замест калійных угнаенняў з РБ у порце грузяць вугаль з Кемераўскай вобласці.

Напярэдадні прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка расказаў, што беларускі порт у Мурманску з’явіцца толькі ў 2028 годзе. З "паўночнай" лагістыкай, мяркуе Галоўчанка, пастаўкі не будуць залежнымі ад "знешніх фактараў" і магчымых абмежаванняў. Ён не выключае блакады выхаду з Балтыйскага мора для расіян (а значыць і для РБ).

Літва забараніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз сваю тэрыторыю пасля таго, як у снежні 2021-га пачалі дзейнічаць санкцыі ЗША супраць "Беларуськалія". Іх транзіт праз Літву спыніўся 1 лютага 2022 года. Паколькі порт у літоўскай Клайпедзе стаў недаступны, "Беларуськалій" з разнастайнымі цяжкасцямі пачаў адпраўляць сваю прадукцыю за мяжу праз Расію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі