Помнік Давыду Гарадзенскаму ў Гродне паставяць за грошы мецэната

10/08/2016 - 19:45

У 2017 годзе ў Гродне з'явіцца помнік ваеначальніку Давыду Гарадзенскаму. Яго аплаціць мецэнат, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на Гродзенскі гарвыканкам.

Зараз на сайце гарвыканкама ідзе галасаванне наконт месца ўсталявання помніка. Гродзенскае кіраўніцтва прапаноўвае чатыры месцы, размешчаныя ў гістарычным цэнтры горада: на скрыжаванні вуліц Давыда Гарадзенскага і Замкавай, дзве зоны на плошчы Савецкай і на ўездзе ў цэнтр — скрыжаванні вуліц Максіма Горкага і 17 верасня. Галасаваць можна да 8 верасня. Акрамя таго, грамадзяне могуць прапанваць свае варыянты.

Ідэю помніка вылучыла Гродзенская епархія Беларускай праваслаўнай царквы.

Адзінай істотнай праблемай на цяперашні момант называюць выгляд славутага палкаводца: яго выяваў не засталося. Конкурсная камісія павінна з улікам грамадскай думкі выбраць як месца, так і мастацкі выгляд помніка.

Давыд Гарадзенскі (? — 1326) — дзяржаўны дзеяч і палкаводзец Вялікага княства Літоўскага, зяць вялікага князя Гедыміна і адзін з яго галоўных военачальнікаў. Гродзенскі староста праславіўся як мужны абаронца Гродна, Навагрудка, Пскова ад заходніх захопнікаў. Паводле легенды, Давыд Гарадзенскі пахаваны ў Гродне каля Каложскай царквы. На меркаваным месцы пахавання ўсталяваны памятны камень-знак. Імя легендарнага ваяра носіць адна з вуліц у цэнтры горада.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі