Польскі аналітык: з Лукашэнкам немагчымыя перамовы — толькі пераварот

04/04/2023 - 09:59
Славамір Серакоўскі / Newsweek

Славамір Серакоўскі — польскі публіцыст і палітычны аналітык, які на свае вочы бачыў беларускія пратэсты ў 2020 годзе. Ён не перастае прызнавацца ў любові да беларусаў і называе сябе нашым адвакатам. А яшчэ Серакоўскі перакананы, што беларускае грамадства цалкам гатовае да перамен. 

За што Лукашэнка так не любіць палякаў, чаму пазіцыя Кіева што да беларусаў і Ціханоўскай — памылка, што мусіць зразумець Еўропа пра Беларусь і навошта Байдэн згадаў нас у Варшаве — пра гэта і іншае ў інтэрв’ю Еўрарадыё са Славамірам Серакоўскім.

“Тое, што робіць Пуцін — гэта метад вар’ята”

Еўрарадыё: Пачнём з актуальнага. Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што расійская ядзерная зброя, якую атрымае Лукашэнка, будзе выкарыстаная не супраць Украіны, а супраць Польшчы і Літвы. Наколькі гэта імаверна? Як у Польшчы ўспрымаюць заяву Пуціна?

Славамір Серакоўскі: Натуральна, усе паведамленні на гэтую тэму былі ўважліва прачытаныя. Але яны не ўспрымаюцца неяк інакш, чым іншыя заявы Пуціна, якія аказаліся перабольшанымі, правакацыйнымі, несур’ёзнымі. Гэтыя заявы яшчэ больш кампраметуюць Маскву і сведчаць пра адчай. Тое, што цяпер робіць Пуцін — гэта метад вар’ята, які выкарыстоўвае і Лукашэнка. Гэта такая тактыка, якую Лукашэнка таксама выкарыстоўвае  і супраць Пуціна. То-бок "магу дазволіць сабе ўсё, магу знішчыць увесь свет, магу знішчыць Беларусь. Калі захочаце мяне злавіць, то адначасова зробіце ці выклічаце гекатомбу ў Беларусі". І гэтая тактыка цяпер часта ўжываецца Пуціным праз адчай, але не скажу, каб яна зрабіла нейкае ўражанне ў Польшчы. Хутчэй мы ўсе перажываем за Беларусь. 

Еўрарадыё: Яшчэ пра ядзерную зброю: калі ў Беларусь яе ўсё ж прывязуць, ці будзе Польшча прасіць у партнёраў размясціць боегалоўкі ў сябе? Што пра гэта думаюць звычайныя палякі?

Славамір Серакоўскі: Я не ведаю, бо польскі ўрад — непрадказальны. Гэта папулісцкі ўрад. Зразумела, што гэта не Лукашэнка і не Пуцін, але гэта таксама ўрад, які я б не залічваў да ліберальна-дэмакратычных, урад, які непрадказальны ў розных аспектах. І ён мае такое прыгоннае стаўленне — то-бок нікога не лічым партнёрамі, альбо верх, альбо ніз. На частку яны глядзяць звысок, а на такіх партнёраў, як Дональд Трамп, напрыклад, ці ўвогуле на амерыканскую амбасаду — з адданасцю. І, на жаль, часам яны спыняюцца на тым, што трэба нешта прадэманстраваць, давесці, не паводзяцца рацыянальна, не пераасэнсоўваць тое, што адбываецца, а хутчэй рабіць нейкія жэсты. Гэта ўвогуле такая палітыка жэстаў. Натуральна, што ўрад можа паспрабаваць зрабіць такі жэст — папрасіць, каб зброю перамясцілі ў Польшчу. Але сур’ёзны амерыканскі ўрад ніколі на гэта не пагодзіцца. Я лічу, што тут польскі ўрад можа гаварыць што хоча, аднак гэта не будзе мець геапалітычнага значэння.

Славамір Серакоўскі і Марыя Калеснікава, Мінск, 2020 год / асабісты архіў

“Лукашэнка — яшчэ большая праблема, чым палякі мелі з Ярузельскім”

Еўрарадыё: Польшча — адна з краін, якая найбольш паслядоўна цісне на беларускі рэжым. Мы вельмі ўдзячныя за падтрымку беларусаў. Нядаўна стала вядома, што дзякуючы  высілкам Польшчы вызваленыя 10 палякаў у Беларусі. Але польскія палітыкі кажуць, што памятаюць пра 1500 палітвязняў у нашай краіне. Наколькі ўдалы гэты ціск? Ці дастаткова Польшча робіць, каб сітуацыя змянілася?

Славамір Серакоўскі: Задаюся пытаннем, што можна было б такога зрабіць, каб Лукашэнка змяніў меркаванне. Бо палякі спрабавалі шмат розных методык за апошнія дваццаць гадоў. Гэта і палітыка саступак, і супакойванне ў дачыненні да Лукашэнкі ці, напрыклад, такі від угоды, што мы змякчым санкцыі і ўвогуле будзем цябе лічыць за партнёра: нехта з міністраў паедзе важдацца з табой, а можа, нехта цябе запросіць, але за гэта ў Беларусі не мусіць быць палітвязняў. Але нічога не атрымалася. 

Правалілася і палітыка ціску, бо гэта таксама не паспрыяла масаваму вызваленню вязняў альбо некалькіх вязняў, важных для ўрада. Гэта пэўны парадокс. Напрыклад, польскі ўрад штодзённа змагаецца з “Газетай Выборчай”, прычым татальна, але, як я разумею, у той жа час намагаецца Анджэя Пачобута — журналіста “Газеты Выборчай” — вызваліць з турмы. Пакуль гэта не спрацавала. Думаю, што ўмовай было, каб Пачобут у сваю чаргу зрабіў нейкі жэст, папрасіў пра памілаванне. Але гэта ўвогуле не ў характары Пачобута. Нехта накшталт яго, ці Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца, Машы Калеснікавай — то-бок выбітныя апазіцыянеры, постаці, якія робяць вялікае ўражанне і ў Польшчы і ў іншых краінах, — не для таго столькі часу правялі за кратамі і так рызыкавалі, каб урэшце пацалаваць пярсцёнак дыктатара, які ўзурпаваў уладу. Так што мне складана сказаць, што можа быць яшчэ. Думаю, блакада межаў, якую цяпер выкарыстоўвае Польшча, — гэта нейкі новы этап, і гэта палітыка, якая рэальна можа нашкодзіць Лукашэнку. Магчыма, гэта прывядзе да вызвалення нейкіх вязняў.

Еўрарадыё: Ці можа Лукашэнка адвярнуцца ад Пуціна і пачаць наводзіць масты з Захадам? Што трэба, каб Захад ці, напрыклад, Польшча купіліся на гэтую гульню?

Славамір Серакоўскі: Уявім сітуацыю, у якой вайна ва Украіне развіваецца для Расіі яшчэ горш. Украіна вызваляе чарговыя тэрыторыі і нават усе, і тады Крэмль займее татальную праблему, якую не зможа патлумачыць. Загінула 200-300 тысяч расіян, зруйнаваныя эканамічныя здабыткі апошніх дзесяцігоддзяў, зруйнаваныя пазіцыі Расіі ў свеце. Такія партнёры, як Кітай, трымаюць усё большую дыстанцыю. У Маскве разумеюць, што Пуцін прывёў краіну да катастрофы. Там пачынаецца хаос. 

І ўзнікае акно магчымасцяў, якое для Польшчы адкрылася ў 1989 годзе і, спадзяюся, адкрыецца для Беларусі ў недалёкай будучыні, бо Беларусь дасць рады, бо беларусы самі дадуць рады і, я лічу, зробяць гэта ідэальна.

Але не пакуль у Маскве ёсць Пуцін. І ў такой сітуацыі нейкія размовы з Лукашэнкам праводзіць можна, але яны мусяць быць хутчэй тактычнымі, бо з ім немагчыма пабудаваць нармальнага дэмакратычнага грамадства. Гэта яшчэ большая праблема, чым палякі мелі з Ярузельскім — польскім дыктатарам 80-х гадоў, калі Польшча таксама была пад санкцыямі, панаваў ваенны стан, у турмах сядзелі палітычныя вязні, але не ў такіх брутальных умовах. Але Ярузельскі быў рацыянальным, з ім можна было размаўляць. Пазней ён аказаўся дастаткова лаяльным да пастановаў Круглага стала і дэмакратыі ў Польшчы. Аднак Лукашэнка абсалютна не такі. Ён хутчэй як паўночнакарэйскі дыктатар. То-бок у Беларусі немагчымы круглы стол. У Беларусі магчымы пераварот. А пераварот будзе магчымы, калі не будзе Пуціна. А гэта не немагчыма. 

Славамір Серакоўскі ў Мінску падчас пратэстаў 2020 года / асабісты архіў

“Польшча мае каланіяльную віну перад беларусамі”

Еўрарадыё: Чаму, на вашу думку, для Лукашэнкі галоўныя ворагі — палякі? Чым адэптам савецкага і рускага свету яны так не дагадзілі?

Славамір Серакоўскі: А які ёсць выбар? Расія? Не! Літва — замалая. На маю думку, Літва паводзіць сябе фантастычна ў дачыненні як да беларусаў, так і да ўкраінцаў. Я лічу, што ў Лукашэнкі няма выбару, таму ворагам мусіць быць Польшча. Бо Польшча заўсёды ўяўлялася як краіна нацыяналістычная. Да таго ж Польшча мае каланіяльную віну перад беларусамі ў тым сэнсе, што беларусы шмат стагоддзяў жылі ў дзяржаве польска-літоўскай, але не польска-беларуска-літоўскай і не польска-беларуска-ўкраінска-літоўскай. І палітыка палякаў была вельмі рознай у дачыненні да беларусаў і асабліва да ўкраінцаў. 

Думаю, што так Лукашэнка спрабуе стварыць антаганізм паміж народамі, каб трымаць ў кальцы сваё ўласнае грамадства. Гэта такое падбухторванне палякаў і беларусаў адно супраць аднаго. Але мне падаецца, што нашыя грамадствы ўжо зарыентаваліся, што мы мусім трымацца разам. Што не будзе вольнай Польшчы ў будучыні без вольнай Беларусі, без вольнай Украіны. І падаецца, што Беларусі таксама вельмі патрэбная вольная Украіна і вольная і незалежная Польшча. Бо мы заўсёды будзем на баку беларусаў і беларусак, а не дыктатара ці яго расійскага кіраўніка.

“Трэба ўяўляць Беларусь краінай, якая можа стаць Паўднёвай Карэяй Еўропы”

Еўрарадыё: Ці зменіцца пазіцыя Польшчы ў дачыненні да Беларусі, калі да ўлады прыйдзе Грамадзянская кааліцыя?

Славамір Серакоўскі: Яна можа змяніцца толькі на яшчэ больш прынцыповую. Я памятаю, як быў у Мінску ў сярэдзіне жніўня. І я спытаў тады ў Дональда Туска — ён ужо не быў старшынёй Еўрапейскага савета, але яшчэ быў старшынёй найбуйнейшай еўрапейскай партыі — Народнай партыі. Я спытаў: “Спадар прэм’ер, ці гатовы Еўрасаюз фінансава дапамагчы апазіцыі, апазіцыйным медыя, беларускім інстытуцыям, у тым ліку ў эміграцыі? Ці хутчэй іх праблема застанецца чужой, можа, крыху экзатычнай для краін Заходняй Еўропы?” І Туск адказаў так, прычым пісьмова, то-бок аўтарызаваў: “Еўрасаюз вылучыць столькі сродкаў на дапамогу беларускай апазіцыі, колькі беларуская апазіцыя будзе ў стане выкарыстаць”. І гэта была вельмі моцная дэкларацыя. Мяркую, што Еўрасаюз зацікаўлены ў Беларусі. Польшча востра зацікаўленая ў Беларусі. Перакананы, што дапамога будзе пастаяннай і што хутчэй будзе павялічвацца, чым зварочвацца. 

І апошняе. Я заўсёды стараюся паўтараць у размове з еўрапейскімі ці польскімі палітыкамі (а ў мяне ёсць шмат магчымасцяў для гэтага), што трэба ўяўляць Беларусь краінай, якая можа быць Паўднёвай Карэяй Еўропы. То-бок краінай, якая ўжо фантастычна гатовая да сістэмнай трансфармацыі ў бок дэмакратыі. І што гэта можа быць вялікі эканамічны поспех. У вас вельмі добра адукаванае грамадства, асабліва тэхнічна, добрыя дарогі, высокая культура працы, кіравання. Я памятаю, як мяняў кватэру ў Беларусі, бо не быў зарэгістраваны, каб свабодна сябе адчуваць і не пераймацца АМАПам і іншымі службамі. І ў адной з тых кватэр, каля Пушкінскай, быў невялікі рамонт. І ён быў пачаты і скончаны цягам тыдня. І гэта было неверагодна. Я думаю, што Еўропа шмат эканамічна атрымала б з гэтага, бо Беларусь будзе еўрапейскім тыграм. 

Таму сёння варта дапамагчы фінансава беларускай апазіцыі, бо заўтра ўсёй Еўропе — немцам, палякам —  давядзецца разам з беларусамі карыстацца гэтым беларускім поспехам. Намагаюся шукаць аргументы, каб пастаянна трымаць еўрапейскіх палітыкаў пры беларускай справе. Але і беларуская дыяспара вельмі добра арганізаваная. Таму рабіце далей тое, што робіце. 

Славамір Серакоўскі / асабісты архіў

“Вашу рэвалюцыю будуць памятаць праз стагоддзі”

Еўрарадыё: Аднак Беларусь цяпер, на жаль, знікла з парадку дня. Не ўсе памятаюць пра Беларусь на фоне вайны ва Украіне. Напрыклад, кіраўнік Польскага аналітычнага цэнтра Яцак Бартосяк лічыць, што Беларусь — ключавая краіна для бяспекі ў Еўропе і Расіі. У Расіі гэта разумеюць. А ў Еўропе — не. Ці сапраўды яно так? Што мусіць змяніцца, каб Еўропа навяла оптыку?

Славамір Серакоўскі: Вайна ва Украіне акурат скіроўвае ўвагу на Беларусь. Бо зразумела, што гэта вынікае і з карты, і з таго, адкуль прыйшла пагроза Украіне: першыя стрэлы былі з боку Беларусі. У сэнсе з боку дыктатуры, якая пусціла да сябе расіян для атакі на Украіну. Людзі, а асабліва вайскоўцы, разумеюць значэнне Беларусі. Бо беларусы звярнулі на сябе ўвагу цэлага свету, не толькі Еўропы, пратэстамі 2020 года, якія не маглі не ўразіць. 

Еўарадыё: Але хіба ніхто ўжо пра гэта не памятае.

Славамір Серакоўскі: Не, палітыкі памятаюць. Праўда, палітыкі ўражаныя вашымі грамадзянскімі пратэстамі. Памятаюць і заангажаваныя людзі. Гэта будуць памятаць праз стагоддзі, нават не праз дзесяцігоддзі, таму што гэта было непаўторна. 

Увесь свет мае клопат з ангажаваннем грамадзян. У Польшчы разбураная дэмакратыя: улада атакуе медыя, вольныя суды і спрабуе ўсталяваць такі рэжым, як у Венгрыі. І палякі моцна не пратэстуюць, хоць маюць падставы. Сусветныя лідары ведаюць, як цяжка мабілізаваць грамадства да такой адказнасці. І вось Мінск, 9 жніўня. Беларусаў у чатыры разы менш, чым палякаў. Гэта тое самае, калі б два мільёны чалавек выйшла ў Варшаве. Гэта ўвогуле немагчыма было ўявіць. Таму вашы пратэсты пакінулі велізарнае ўражанне, усюды, і пра гэта будуць памятаць заўсёды. 

Яшчэ, натуральна, Нобель для Бяляцкага і іншыя падзеі з “Вясной” і Бяляцкім, бо гэтая постаць таксама ўражвае. Гэта быў адзіны персанальны Нобель, для Бяляцкага. Астатнія — для інстытуцый. Я лічу, што інстытуцыі беларускай дыяспары добра працуюць у Польшчы. Іх шмат і яны добра арганізаваныя. Апроч таго, усюды, у кожнай краіне, ёсць некалькі такіх, як я, якія ўвесь час пішуць і гавораць пра Беларусь, згадваюць палітвязняў. Таму не, беларусы не адны. Вядома, ідзе вайна ва Украіне, гэта зразумела. Але пра Беларусь свет больш не забудзе, хаця калісьці нічога пра яе не ведаў. Нічога. Я таксама нічога не ведаў пра Беларусь, хаця жыву за 150 кіламетраў ад мяжы. А цяпер людзі ведаюць. Ездзілі туды, сочаць за падзеямі. Людзі ўражаныя. Ведаюць пра зняволеных. Пра іх усюды пішуць, як і пра жахлівыя суды, выракі, але таксама і пра рэйкавых партызан. Людзі вельмі заўзеюць за беларусаў.

“Крытыка Нобеля Алесю Бяляцкаму? Несур’ёзна”

Еўрарадыё: Калі яшчэ пра Нобель, то і пра Украіну. Пра ўкраінцаў і беларусаў. Вы лічыце памылкай пазіцыю афіцыйнага Кіева што да беларускіх дэмсілаў і Ціханоўскай. Да чаго гэтая памылка можа прывесці?

Славамір Серакоўскі: Існуе нейкая гульня, якую вядзе Кіеў у сувязі з Лукашэнкам. Інакш гэта складана растлумачыць. Гэта нейкая спроба не правакаваць Лукашэнку, каб ён яшчэ больш не дапамог Расіі ці проста каб не выслаў салдат, якіх Расія будзе ўсё больш падтрымліваць. Аднак некалькі памылак Кіеў здзейсніў. 

Крытыка Нобеля Алесю Бяляцкаму? Несур’ёзна. Несур’ёзна. Хаця мы тут усе вельмі за Украіну, я заангажаваны ў гэта 15 гадоў, збіраю на зброю, раблю шмат розных рэчаў, але я не вагаўся перад тым, як назваць і напісаць у польскай, амерыканскай і нямецкай прэсе, што гэтая крытыка — скандальная, дурная і нікому не патрэбная. Плюс тое, што з’яўляецца варожасць паміж украінцамі і беларусамі, а часам і ў Польшчы здараецца, што да беларусаў ставяцца як да расіян. Гэта недапушчальна. І тут мне падаецца, што Кіеў мог бы лепш пастарацца, бо гэта ў будучыні нашкодзіць і ўкраінцам, і палякам, і беларусам. Мы меншыя за Расію, і калі мы хочам ураўнаважыць патэнцыял Расіі (а разам беларусаў, палякаў і ўкраінцаў — 100 мільёнаў, 100 мільёнаў дэмакратычных, ліберальных, заходніх), мы мусім адно аднаму дапамагаць. І перадусім — аб’ядноўвацца. Бо тое, што Зяленскі з Лукашэнкам маюць нейкую гульню, — добра, зразумела, гэта вайна. Але гэта нельга пераносіць на ўзровень грамадства, таму што потым мы будзем дзесяцігоддзямі адбудоўваць стасункі, якія сёння атруцім. І мне падаецца, што Кіеў тут мог бы зрабіць больш. 

А тое, што дагэтуль не было ніякага жэсту ў дачыненні да Ціханоўскай, якая робіць столькі жэстаў Зяленскаму, бо Ціханоўская раз недзе сказала нешта пра Крым, а потым мільён разоў сказала, што Крым — украінскі,— гэта такая помслівасць, падазронасць… 

Разумею, што ва Украіне людзі вельмі напружаныя, знерваваныя і вельмі чуллівыя, але Беларусь таксама знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі, гэта таксама акупаваная краіна. Там так масава не гінуць людзі, але ў любы момант могуць пачаць гінуць. Я раблю ўсё, каб гэтыя грамадствы аб’яднаць, і такіх людзей, вядома, шмат. Напэўна, было б добра, калі б мы мелі партнёраў ва ўкраінскай уладзе. Але пачакаем. Трэба ўсё ж разумець украінцаў: калі ім на галовы валяцца бомбы, выпушчаныя з боку Беларусі, то натуральна, што часам гэта вельмі ўскладняе размовы. Я таксама меў некалькі цяжкіх размоваў з украінцамі на гэтую тэму. І нават найлепшыя людзі казалі: зразумей, нам бомбы валяцца на галовы, бомбы, якія ляцяць з Беларусі, мы не можам думаць спакойна, рацыянальна, узважана, але разумеем, што ты маеш рацыю, што звычайныя беларусы не вінаватыя. Так што такая сітуацыя.

Славамір Серакоўскі / асабісты архіў

Еўрарадыё: Ёсць адчуванне, што ўкраінцы ўвогуле ніколі не цікавіліся беларусамі, хаця беларусы вельмі падтрымлівалі іх яшчэ ў часы першага і другога Майданаў. Чаму так? 

Славамір Серакоўскі: Мне падаецца, што ва ўкраінцаў ёсць пачуццё перавагі і перакладанне сваёй перспектывы на цалкам іншы кантэкст. Беларусь — іншая краіна, іншае грамадства. А ўкраінцы робяць тую самую памылку што да беларусаў, якую расіяне рабілі з украінцамі. 

Чаму беларусы не змагаліся з Лукашэнкам зброяй? Бо не былі ў той самай сітуацыі, што ўкраінцы. Украінцы заўсёды мелі шмат розных партый у парламенце, алігархаў па ўсіх магчымых баках — прарасійскіх, антырасійскіх і г.д. І палова Украіны — вельмі празаходняя і антырасійская, у тым ліку людзі ва ўладзе і паліцыі. Тут два бакі былі моцныя і мелі фундамент. А ў Беларусі гэтага няма. У Беларусі вайсковы, лагістычны, фінансавы фундамент меў толькі Лукашэнка. 

Я памятаю бронемашыны на вуліцах Мінска, памятаю цяжкую зброю, армію. Таму Майдан быў немагчымы… Ёсць ва ўкраінцаў такія паблажлівыя думкі, якія, на жаль, паўтараюць тыя самыя памылкі з пачуццём перавагі, якія людзі раней рабілі што да Украіны. Але будзе вельмі кепска, калі Украіна выйграе вайну і адчуе, што ёй можна ўвогуле ўсё і што яна абсалютна бязгрэшная. Тады яна можа страціць павагу, якую заслужыла, змагаючыся цяпер. І рэальна, што полем, на якім гэта можа праявіцца, можа стаць Беларусь. Але мне падаецца, што тады рэакцыя Польшчы і Германіі будзе вельмі прынцыповай… 

Тое, што Байдэн у прамове ў Варшаве згадаў таксама Беларусь, хоць і не меў нейкай канкрэтнай нагоды, было сігналам: памятаем, мы з беларусамі і ведаем, на чыім баку беларусы ў гэтай вайне. Лічу, што гэта было вельмі важна і што гэта быў таксама важны сігнал Кіеву.

“Беларусы ўжо ніколі не будуць ранейшымі”

Еўрарадыё: Вы часта пішаце, што любіце беларусаў. Чаму? Што вам больш за ўсё запомнілася з Мінска ўзору жніўня 2020-га? Што больш за ўсё ўразіла?

Славамір Серакоўскі: Можа, адкажу цытатай вялікага беларускага паэта Адама Міцкевіча?

Еўрарадыё: Беларускага ці польскага? 

Славамір Серакоўскі: Агульнага. Беларускага, польскага і літоўскага. “Urodzony w niewoli, okuty w powiciu, ja tylko jedną taką wiosnę miałem w życiu”. Я толькі аднойчы ў жыцці бачыў сапраўдную рэвалюцыю. Гэта такі іншы, зорны час. Усе ходзяць на два метры над зямлёй, усе добрыя, дапамагаюць адно аднаму, смелыя, прыгожыя. Убачанае змяніла мяне на ўсё жыццё. Гэтаксама і рэвалюцыя “Салідарнасці” змяніла многіх заходніх журналістаў, інтэлектуалаў, якія гэта ўбачылі і да канца жыцця былі патрыётамі Польшчы, вывучылі польскую мову. Гэта такія асобы, як Тоні Джат, Цім Снайдэр, Марсі Шор, Цімаці Гартан Эш, Норман Дэвіс — вельмі ўплывовыя ў свеце людзі. 

У Беларусі была вельмі падобная рэвалюцыя, нават у тым самым месяцы — жніўні. Палітычна беларуская рэвалюцыя, можа, і не дасягнула поспеху, але Польшча спачатку таксама не дасягнула, “Салідарнасць” таксама была разбітая. Але ў Беларусі дасягнула поспеху рэвалюцыя грамадзянская. Гэта быў неймаверны поспех. Беларусы ўжо ніколі не будуць ранейшымі. Яны азірнуліся і ўбачылі, што ўмеюць пратэставаць, убачылі, што маюць лідараў і лідарак, што робяць нешта, на што свет глядзіць са здзіўленнем. І гэты капітал — велізарны палітычны капітал — застанецца з беларусамі на наступныя пакаленні. 

І назіранне за гэтым, удзел у гэтым… Я не адчуваў сябе журналістам у Беларусі, хоць я і сапраўды не журналіст, я больш публіцыст і палітычны аналітык, — але там я быў беларусам, хадзіў са сцягамі на ўсе дэманстрацыі, бегаў ад АМАПа… Я з’язджаў адтуль з разбітым сэрцам. Таму я заўсёды буду амбасадарам Беларусі, што б ні адбывалася, хаця такіх людзей, як я, шмат. Беларусь мае сваіх амбасадараў і адвакатаў ва ўсім свеце. А беларусы маюць усе інструменты, каб дасягнуць сваіх мэтаў. Адзінае, чаго бракуе — перамены ў Крамлі. І гэта дакладна такая ж сітуацыя, як у Польшчы ў 80-х гадах. Вы атрымаеце шанец, гэта ясна, рана ці позна, а Пуцін гэта яшчэ паскорыў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі