Піратэхнік пра "смяротны салют": небяспечная зона павінна быць — кіламетр

05/07/2019 - 13:05
Салютная ўстаноўка КСУ 2А85М, якая выкарыстоўваецца ў Мінску / Інфармацыйнае агенцтва "Ваяр"

Прафесійны піратэхнік кампаніі "Святлафор", якая займаецца салютамі і феерверк-шоу, расказаў Еўрарадыё, што не так з арганізацыяй злашчаснага «смяротнага» салюту ў Мінску. Асколак, які забіў жанчыну, праляцеў каля паўкіламетра. На думку эксперта-піратэхніка, калі ён на такой адлегласці не страціў сваю здольнасць да паражэння, значыць, была памылка ў разліку небяспечнай зоны:

"Я ўвогуле не ўяўляю, што там павінна быць, каб асколак праляцеў паўкіламетра. Разумееце, калі ён праляцеў такую ​​адлегласць, то дыяметр небяспечнай зоны павінен быць кіламетр. Бачыў фатаграфіі машыны, што ад яе засталося, — і відавочна, што там не адзін шарык выбухнуў. Дэтанацыя была вельмі магутная".

Пры працы з феерверкамі ніхто не застрахаваны, кажа наш суразмоўнік. "І ў нас бываюць усякія недапрацоўкі, нешта не ўзлятае, выбухае на зямлі. Але для гэтага і робіцца радыус небяспечнай зоны. Ён пры сертыфікацыі даецца кожнаму класу вырабаў, у іх там [на салюце 3 ліпеня. — Еўрарадыё] — 4 і 5. Пры выкананні гэтага радыуса не павінна быць пацярпелых. Ён таму і называецца радыус небяспечнай зоны, за ім павінна быць бяспечна", — расказвае піратэхнік.

"Нават калі там усё выбухне адразу, то нічога не павінна вылецець за радыус, магутнасці выбухной хвалі не павінна хапіць, — падкрэслівае спецыяліст. — Значыць, небяспечная зона павінна быць большая".

Пускавыя ўстаноўкі / "Мінск-Навіны"

Закупка без тэндараў, мадэрнізацыя марцір, "несумяшчальнасць" салютаў

Міністэрства абароны 11 гадоў купляла феерверкі для святочных салютаў без тэндараў. Гэтую інфармацыю пацвердзіў Office Life прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў. Растлумачыў ён гэта тым, што такія вырабы падпадаюць пад закупку з адной крыніцы (без тэндара). Прычына: "Пиро-Росс" ён назваў адзінай арганізацыяй, якая вырабляе феерверкі, прыдатныя да беларускіх армейскіх салютных установак.

"Наколькі я ведаю, марціры расійскія. Мы, піратэхнікі, не карыстаемся расійскімі марцірамі, — расказвае спецыяліст. — Мы карыстаемся пластыкавымі "марцірамі". Але мы і такіх памераў шары не выкарыстоўваем, як вайскоўцы. У нас максімальны калібр: 5-6 цаляў [каля 150 міліметраў]. А ў вайскоўцаў значна большы".

Ён мяркуе, што расіяне маглі наўмысна выпусціць нестандартныя марціры: "І яны гэта робяць для таго, каб закуплялі іх шары. Але дакладна гэта могуць сказаць толькі вытворца або нашы вайскоўцы. Устаноўкі, якія выкарыстоўваюць піратэхнікі, узаемазамяняльныя, там і кітайскія падыходзяць, і італьянскія. Яны ўсе маюць адзін калібр. А ў вайскоўцаў усё што заўгодна можа быць".

Расійская кампанія "Пиро-Росс" вырабіла і паставіла для Мінскай ваеннай камендатуры салютныя ўстаноўкі КСУ 2А85 яшчэ ў 2006 годзе. Тады ж яны ўпершыню і выкарыстоўваліся пры правядзенні святочнага салюту 3 ліпеня. У першапачатковых установак было тры калібры: 105, 195 і 310 мм — і 240 пускавых ствалоў.

У мінулым годзе напярэдадні Дня Незалежнасці Міністэрства абароны расказала пра мадэрнізацыю трох салютных установак КСУ 2А85М, якія стаялі ў парку Перамогі. На "ўзбраенне" яны прыйшлі ў 2015 годзе. У новых марцір быў павялічаны дыяпазон калібраў — 105, 125, 150, 195 і 310 мм, а таксама аказалася ў паўтара раза больш пускавых ствалоў — 429. Але галоўнае адрозненне ў тым, што раннія ўстаноўкі выконвалі толькі адну праграму, зададзеную яшчэ на заводзе, а новымі КСУ можна кіраваць па радыёсувязі праз камп'ютарызаваны пульт.

Невядома, што там намадэрнізавалі нашы вайскоўцы і ці сапраўды ў гэтых устаноўках можна выкарыстоўваць толькі зарады вытворчасці "Пиро-Росс". Вядома, Міністэрства абароны будзе напіраць на тое, што яно ні пры чым. А ўся віна — на вытворцу.

Салютная ўстаноўка КСУ 2А85М / Інфармацыйнае агенцтва "Ваяр"

На салюце 3 ліпеня выкарыстоўваліся не толькі феерверкі "Пиро-Росса"?

А вось прадстаўнік кампаніі "Пиро-Росс" у каментарыі выданню Office Life расказаў, што на відэа з Мінска відаць, што выкарыстоўваліся не толькі іх зарады:

"Калі звярнуць увагу направа, можна ўбачыць, што недзе ў раёне лодачнай станцыі ў небе раскрываюцца не нашы зарады. У нас такіх няма. Мабыць, беларускія піратэхнікі таксама свой феерверк ладзілі".

Следчы камітэт ужо заявіў, што затрыманыя два супрацоўнікі расійскай кампаніі, якія нібыта ў працэсе зараджання салютных установак дапусцілі парушэнне парадку работы з феерверачнымі вырабамі:

"А менавіта ажыццяўлялі механічнае ўздзеянне на зарады піратэхнікі пры зараджэнні марцір, якое не прадугледжана правіламі абыходжання з імі", — гаворыцца ў паведамленні.

Што цікава, у рэпартажы інфармацыйнага агенцтва "Мінск-Навіны" за 2 ліпеня 2019 года расказваецца пра тое, як вайскоўцы Мінскай камендатуры зараджаюць пускавыя ўстаноўкі. І ні пра якіх супрацоўнікаў расійскай фірмы там няма ні слова. На здымках відаць, што зараджаюць і падрыхтоўваюць снарады беларускія салдаты пад наглядам афіцэраў.

Дык як жа два супрацоўнікі фірмы-пастаўшчыка "ажыццявілі механічнае ўздзеянне" на зарады, калі вакол іх знаходзіліся беларускія вайскоўцы — салдаты і афіцэры? Куды яны глядзелі? І чаму сярод затрыманых не фігуруюць вайсковыя чыны?

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі