Пінскі суд апраўдаў актывіста: яго судзілі за акцыю, на якой яго не было

20/04/2017 - 18:27

Пінскі гарадскі суд апраўдаў прадпрымальніка Андрэя Вабішчэвіча, якога вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Супраць актывіста сведчылі міліцыянты. Сам ён сцвярджаў, што не знаходзіўся на плошчы Леніна падчас акцыі, перадае Радыё "Свабода".

Па словах міліцыянтаў, 26 сакавіка Вабішчэвіч актыўна ўдзельнічаў у "маршы недармаедаў" у Пінску. Яны заявілі, быццам затрымалі яго, склалі пратакол, а пазней перадалі справу ў суд. Насупрак сведчанням Вабішчэвіча міліцыянты казалі, што ён пры затрыманні "аказваў супраціў, актыўна выкрыкваў лозунгі".

Пінчук дамогся таго, каб суду даслалі відэазапісы з камераў назірання, якія здымалі плошчу. На іх бачна, што прадпрымальнік казаў праўду. Таму суддзя пастанавіў спыніць адміністрацыйную справу.

Каментуючы прысуд, пінчук быў здзіўлены, што яго апраўдалі. Тым болей, што для разгляду спатрэбілася ажно тры пасяджэнні. "Выглядае, што пасля таго, як у Мінску апраўдалі студэнта Рамана Пратасевіча, які здаваў іспыты, хоць міліцыянты сведчылі, што ён быў у Курапатах, вырашылі апраўдаць і мяне", — мяркуе Вабішчэвіч.

Яго прысуд — адзіны апраўдальны ў Пінску за "марш недармаедаў". Агулам міліцыянты склалі пратаколы на 13 чалавек.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі