Марш пенсіянераў у Мінску 19 кастрычніка / Еўрарадыё
У нядзелю 29 лістапада ў Мінску прайшоў Марш раёнаў. Традыцыйна сілавікі занялі пазіцыі па ўсім горадзе, але пратэстоўцы ўсё роўна змаглі сабрацца. Іх затрымлівалі, білі, разганялі спецсродкамі. Еўрарадыё пра гэтыя падзеі расказвала з дапамогай аўдыяпаведамленняў на мабільным нумары *5050.
У той жа дзень на гэты нумар патэлефанавала жыхарка Мінска, якая эмацыйна паведаміла пра тое, што адбываецца каля яе дома. Мы патэлефанавалі ёй, каб падзякаваць за паведамленне, а ў адказ атрымалі маналог пра тое, што адбываецца ў краіне. Публікуем яго цалкам. Нашу суразмоўніцу завуць Сафія Міхайлаўна, ёй 84 гады, жыве ў Малінаўцы.
Усё пачалося ў канцы 80-х, калі толькі выйшаў першы асобнік "Народнай волі". Галоўным рэдактарам быў шаноўны Павел Сярэдзіч. Я пачала чытаць гэту газету. Хоць да таго я чытала савецкае, вядома, як усе савецкія людзі. У мяне вышэйшая адукацыя, скончыла фізмат. Працавала ў НДІ ўсё жыццё, на ВПК. Нешта нам прывозілі з Масквы, праз камандзіроўкі, нешта перадрукоўвалі на ксераксе, яшчэ неяк. Чыталі ўсялякі самвыдат. І адукоўваліся.
Калі прыйшоў наш "незаменны", у часы Пазняка, былі дэманстрацыі, нас ніхто не біў, я хадзіла і ўдзельнічала. Была на мітынгу, калі ішлі рабочыя з Заводскага раёна і дайшлі да помніка Леніну. Вось тады пачаў фармавацца іншы светапогляд і разуменне.
Увесь час мне было шкада змарнаваных гадоў. Нас ва ўніверсітэце вучылі гісторыі партыі. На фізмаце. Нафіг яна нам была патрэбна на фізмаце? Вучылі ўсіх цароў, але толькі не гісторыю Беларусі.
З таго часу я пачала цікавіцца гісторыяй Беларусі. Ужо ў 90-я можна было шмат чаго знайсці. Ды і гісторыя адбывалася на нашых вачах: напрыклад, тады трансляваліся ўсе пасяджэнні Вярхоўнага Савета. Я асабіста ведала Сяргея Антончыка, які рыхтаваў знакаміты даклад аб карупцыі. І як з дакладам аб карупцыі выступіў іншы. І як на гэтым "выехаў". І як ён прымаў прысягу пад нашым бел-чырвона-белым сцягам. А цяпер ён называе яго фашысцкім?
Цяпер у мяне дрэнны зрок, дыябет. Дзесяць дзён таму я пашкодзіла нагу, толькі сёння дабралася да траўматолага. Сяджу на абязбольвальных. У мяне засталіся дзеці, унукі. У свой час мяне сваякі называлі "бэнээфаўкай". І казалі: "Ты дзяцей сапсавала". Ну так, цяпер так разважаюць мае дзеці і ўнукі. Іх шасцёра ўжо падрастае. Яны гэтаксама думаюць, як і я. Яны выраслі са мной.
Цяпер усю інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Мінску, я атрымліваю ад іх. Камп'ютара ў мяне няма. Я не валодаю нічым. У мяне ўнучка адзін час жыла — было ўсё. Ну вось, з'явіліся вы — дзякуй, атрымліваю інфармацыю па тэлефоне.
Вы не ўяўляеце, як бы я хацела быць там, дзе б'юць. Так, я ужо дайсці не магу. Але жыву побач з 25-й паліклінікай. І сёння была там. Бачыла двух хлопчыкаў, якія хадзілі да траўматолага. Яны хадзілі то да траўматолага, то да хірурга, то на здымкі. У аднаго ўвесь твар скалечаны! І гэта пасля ўчарашняга. Ён нават надзець маску не можа. Я не вельмі добра чую. Сын больш чуў, і мне потым пераказваў, як яны дзяліліся ўражаннямі пра ўчарашняе.
Ды і я сама асабіста чула два вялікія выбухі. Усё, што адчувала, — страшна, вельмі страшна, але радасна, што людзі не здаюцца. Калі ж ён нап'ецца нашай крыві? Я рада, што вырасла пакаленне разумнае. Не такое, як мы былі.
Я вельмі хачу, каб усё-ткі Беларусь выжыла. Але я не ведаю, я губляю надзею.
Нездарма кажуць, што супраць лому няма прыёму. А лом толькі ў яго. А ў нас кветачкі і маскі. Гэта не спрацуе, калі ў чалавека няма нічога чалавечага. Як да яго можна дастукацца?.. Многія людзі з'ехалі. Мая ўнучка таксама з'ехала.
Я чую, як маладыя кажуць: "А, гэта ўсё старыя вінаватыя, яны яго выбралі". Я ні разу за яго не галасавала, ніколі. Я з самага пачатку, лічы, з-пад стала чытала гэтыя самвыдаты.
Я ўжо з 92-га года на пенсіі, і ўсе, хто працаваў са мной, усе думаюць так, як я. Няма сярод майго атачэння тых людзей, якія б галасавалі за яго. І якія б махалі яго чырвона-зялёнымі сцягамі. Не ведаю, адкуль бяруцца яны?
Хацелася б памерці з надзеяй. Дай бог вам сіл, маладым. Я не баюся сваіх слоў, хоць, магчыма, я даверылася не толькі вам, а і які-небудзь Іваноў нас пачуў. Але мне ўжо няма чаго баяцца. Я 18 гадоў жыву пасля анкалогіі. Так што я ўжо пражыла больш, чым трэба. Толькі вельмі хачу, каб мае нашчадкі жылі ў свабоднай Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.