Пенсіянерку аштрафавалі на 1920 рублёў за тое, "што выйшла са сцягам на лаўку"

23/04/2022 - 12:59

78-гадовую мінчанку, якая ў Дзень Волі сядзела на лаўцы з накінутым на спіну бел-чырвона-белым сцягам, аштрафавалі на 1920 рублёў, паведамляе праект "1906".

Як даведалася выданне, жанчыну завуць Алена Аляксееўна Кандрашэвіч. Яе фота з кіёчкам і сцягам абляцела інтэрнет.

"Маё пажаданне, каб вы ў інтэрнэт перадалі: што старая жанчына ў 78 гадоў 25 Сакавіка выйшла са сцягам на лаўку. Што такія ёсць", — папрасіла яна.

Як апынулася, на лаўцы Алена Аляксееўна доўга не прасядзела. Яе "здаў" сусед. Затрымліваць жанчыну прыехалі ажно цэсць міліцыянераў!

"Сяджу, думаю: як людзі будуць рэагаваць, што я са сцягам. Адзін мужчына павіншаваў: "Са святам!" Другі сказаў грэбліва: "Сядзіць з нейкім сцягам". А пасля — чатыры міліцыянты. Я сабралася ісці дадому — а яны не пускаюць мяне. Кажу: "Я есці хачу, пусціце".

Пасля прыехала шэсць міліцыянтаў у аўтобусіку і павезлі мяне ў Кастрычніцкае РУУС. Я расказвала ім: "Я ж нічога дрэннага не рабіла, памінала тых людзей, якія змагаліся за незалежнасць Беларусі". Дадала: "Лукашэнка прысягу прымаў пад бел-чырвона-белым сцягам". "Ну тады іншага не было", — запярэчылі мне. 

На Алену Аляксееўну склалі пратакол за пікетаванне ля гарвыканкаму без дазволу. А 12 красавіка міліцыянты зноў прыйшлі да жанчыны — паведаміць, што ёй трэба ў суд. Але праз хворыя ногі жанчына засталася дома. Пасля атрымала рашэнне суда — ёй выпісалі штраф у 1920 рублёў.

"Мой унучаты пляменнік пазычыць грошы, і заплацім, каб за месяц паспець і пені не было. Бо ў самой мяне такіх грошай на руках няма, я адзінокая", — уздыхае Алена Аляксееўна.

Спадарыня Алена нарадзілася ў 1943 годзе, вучылася ў "ін'язе". Шмат гадоў працавала тэхнічным сакратаром у газеце "Звязда", адкуль звольнілася два гады таму праз абастрэнне артрозу суставаў. 

Да бел-чырвона-белага сцяга ў яе асаблівыя пачуцці.

"Я калі першы раз пабачыла яго, плакала. І так, як убачу яго дзе — наогул не магу, раву. У жыцці б я не падумала, што столькі сцягоў будзе, калі гэтыя маршы праходзілі — ай-ай-ай!" — кажа Алена Аляксееўна. Яна спадзяецца, што ў яе хопіць здароўя дажыць да наступнага мора бела-чырвона-белых сцягоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі