Пенсіі, рэзідэнцыі, асабісты самалёт: якія гарантыі экс-прэзідэнтам "у суседзяў"

29/11/2019 - 10:52
Аляксандр Лукашэнка / Reuters

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая вырашыла перад сыходам здзейсніць "дэмбельскі акорд" і ўнесла ў парламент законапраект аб гарантыях былому прэзідэнту Беларусі. Юрыдычна ў нашай краіне гарантыі для экс-прэзідэнта да гэтага часу не прапісаны. За 25 гадоў існавання інстытута прэзідэнцтва неяк ні ў кога не ўзнікала пытання, якія бонусы павінен атрымаць кіраўнік краіны, калі стане былым.

Унясенне праекта закона Канапацкая аргументавала якраз гэтым прабелам у беларускім заканадаўстве. А яшчэ тым, што гарантыі для былых кіраўнікоў дзяржаў ёсць у суседніх з Беларуссю краінах. Еўрарадыё паглядзела, як абыходзяцца з былымі прэзідэнтамі ў нашых суседзяў і які замежны досвед хоча пераняць апазіцыйная дэпутатка.

Законапраект Канапацкай спісаны з дакладна такога ж закона ў Расіі

Першае, што кідаецца ў вочы: законапраект Канапацкай — брат-блізня расійскага закона ад 2001 года "Аб гарантыях прэзідэнту РФ, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, і членам яго сям'і". У Расіі былы кіраўнік дзяржавы атрымлівае за дзяржаўны кошт права на ахову, медабслугоўванне, страхаванне, спецсувязь, транспарт, дачу і памочнікаў з памяшканнем для іх. Ён таксама пажыццёва атрымлівае 75% ад заробку дзейнага прэзідэнта. Яму, таксама як і яго жыллю, памочнікам і членам сям'і, гарантавана недатыкальнасць.

Напрыклад, на ўтрыманне Ельцына штогод трацілася каля 2,8 мільёна расійскіх рублёў, таксама ён захаваў за сабой адну з дзяржаўных дач.

Аляксандр Лукашэнка / Reuters
Самалёт Назарбаева / informburo.kz

Утрыманне за кошт дзяржавы

Ганна Канапацкая прапануе наступныя сацыяльныя гарантыі для экс-прэзідэнта: аддаць у пажыццёвае карыстанне адну з рэзідэнцый, штомесяц выплачваць пенсію ў памеры 75% ад прэзідэнцкага заробку, даць паўнавартасную дзяржаўную ахову, спецсувязь, транспарт, медабслугоўванне, у тым ліку членам сям'і, прылічаць усю карэспандэнцыю да ўрадавай. Даць апарат памочнікаў, на які будзе вылучацца зарплатны фонд. Для іх асобна абсталююць офіс з мэбляй, аргтэхнікай і ўрадавай сувяззю. Бясплатнае абслугоўванне ў залах для афіцыйных асоб аэрапортаў і вакзалаў. Дзяржаўнае страхаванне жыцця і здароўя прэзідэнта на выпадак гібелі або калецтва ў памеры гадавой зарплаты прэзідэнта.

А што там у суседзяў? Да 2014 года ва Украіне за экс-прэзідэнтам захоўваліся службовы аклад, дзяржаўная дача з абслуговым персаналам, два аўтамабілі, чатыры кіроўцы і два ахоўнікі. Былы прэзідэнт мог разлічваць на бясплатны праезд на любым грамадскім транспарце, акрамя таксі. І меў зніжку на аплату камунальных паслуг у памеры 50%. Але пасля Рэвалюцыі годнасці было вырашана перагледзець ільготы. Адмянілі ахову і аўтапарк і пастанавілі вярнуць дачы. За былымі прэзідэнтамі засталіся толькі льготы на праезд і зніжка на камуналку.

У Літве былому прэзідэнту, калі ён не быў зняты з пасады імпічментам, даецца пенсія, персанал, транспарт, ахова, рэзідэнцыя і страхоўка. Так, былая прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ атрымлівае пенсію ў 3690 еўра.

У Латвіі экс-кіраўнік дзяржавы атрымлівае пенсію, асабістага сакратара, ахову і машыну. Раней атрымліваў яшчэ і кватэру, але цяпер гэтую норму адмянілі і прыходзіцца абыходзіцца самастойна. Так, у 2018 годзе забеспячэнне чацвярых экс-прэзідэнтаў Латвіі ўсім належным абышлося падаткаплацельшчыкам больш чым у паўмільёна еўра.

У Польшчы былы прэзідэнт атрымлівае пажыццёвы месячны заробак у памеры 75% ад заробку дзейнага прэзідэнта. Мае права на фінансаванне для стварэння і функцыянавання асабістай канцылярыі. Яму аплачваецца медыцынскае абслугоўванне. Экс-кіраўнік дзяржавы захоўвае права на абарону. Выдаткі пакрываюцца з дзяржаўнага бюджэту. У выпадку смерці былога прэзідэнта члены яго сям'i маюць права на пенсію з прычыны страты карміцеля і іншыя дапамогі.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі