Пазбавіў прэмій, не працягнуў кантракт: як у "Азярцо-лагістык" пакаралі работніц

26/02/2020 - 15:56
Дар'я Аніщчык і Алена Вярбіла / фота з прыватных архіваў

Дырэктар ААТ "Азярцо-лагістык" Сяргей Дабрыян, на якога падначаленыя паскардзіліся кіраўніку Кіраўніцтва спраў прэзідэнта, пакараў сваіх работніц. Гаворка ідзе пра кладаўшчыцу 5-га разраду склада-халадзільніка Дар'ю Анішчык і загадчыцу склада №1 Алену Вярбіла. Звяртаючыся да Віктара Шэймана, супрацоўнікі кампаніі пішуць, што дзяўчаты актыўна адстойваюць інтарэсы калег на перамовах па змяненні калектыўнай дамовы, дамагаючыся справядлівага налічэння заробкаў.

"Ім абедзвюм цалкам беспадстаўна і незаконна абвешчаны вымовы за тое, што яны па пісьмовым дазволе сваіх непасрэдных кіраўнікоў адпрасіліся з працы на дзве гадзіны раней. Яны таксама пазбаўлены прэмій, даплат i надбавак на цэлых шэсць месяцаў", — напісана ў звароце.

Больш за тое, дырэктар вырашыў больш не супрацоўнічаць з Аленай Вярбіла — яе кантракт канчаецца 20 сакавіка. 30 работнікаў, якія падпісаліся пад лістом, патрабуюць перазаключыць кантракт з загадчыцай склада і адмяніць незаконныя загады аб накладанні спагнанняў.

Адпрасіліся або сышлі самавольна?

У распараджэнні Еўрарадыё апынуўся тэкст загада. У ім гаворыцца: "Згодна з пунктам 3.2 Правілаў унутранага працоўнага распарадку дачасны сыход з працы павінен быць абавязкова ўзгоднены работнікам з наймальнікам і адзначаны ў журнале прыходу-сыходу работнікаў (на працягу працоўнага дня)..." Там жа пазначана, што з гэтымі правіламі работніцы былі азнаёмленыя пры ўладкаванні на працу і яны абавязаныя іх выконваць.Тем не менш "узгаднення з наймальнікам, гэта значыць з дырэктарам, сыходу з працы да сканчэння працоўнага дня дасягнута не было".

 

"11 лютага мы з Алёнай адпрасіліся ў сваіх непасрэдных кіраўнікоў, — расказвае Еўрарадыё Дар'я Анішчык. — Я напісала пісьмовую заяву і аднесла начальніцы склада. Пасля таго як яна яе падпісала (яна гэта пацвярджае), я аддала дакумент начальніцы аддзела лагістыкі. Гэта бачылі і гатовыя пацвердзіць іншыя калегі. У нас склалася такая практыка: аддаеш, а потым ужо кіраўніцтва нясе за цябе адказнасць. 17 лютага стала адбывацца незразумела што. Адны кажуць, што нашы заявы ніхто не бачыў, іншыя — што наймальнік адмаўляецца іх падпісваць. У выніку нам ствараюць загады аб прагуле. Абсурднасць разумеюць усе, але зрабіць нічога не могуць".

Алена Вярбіла адпрасілася ў начальніцы аддзела лагістыкі наўпрост, бо тая і ёсць яе непасрэдны кіраўнік. Яна ў вуснай форме яе адпусціла, папрасіўшы напісаць заяву.

 

"Адзіная мая памылка была ў тым, што я не адбіла на прахадной пропуск, забылася яго на складзе, — кажа суразмоўца. — Але думаю, што гэта не такая крытычная сітуацыя, каб на шэсць месяцаў пазбавіць чалавека ўсяго, што належыць паводле калектыўнай дамовы. Тым больш не працягваць кантракт... Ён мне сказаў, што асабіста я здзейсніла злачынства. І гэта было эмацыянальна з яго боку. Паколькі ён мне не давярае, не працягваць супрацоўніцтва — яго рашэнне".

 

Дырэктар: "Яна сышла раней з працы на 2 гадзіны і 1 хвіліну!"

Калегі не прайшлі міма гэтай гісторыі і напісалі на імя дырэктара ліст з просьбай не звальняць Алену Вярбіла з прадпрыемства.

"Алена Васілеўна паспяхова выконвае свае абавязкі з 2012 года да цяперашняга часу. На працягу сваёй працы яна зарэкамендавала сябе як выдатны кіраўнік, надзейны сябар, справядлівая калега... На працягу многіх сумленна адпрацаваных гадоў ніколі не значылася ў спісах парушальнікаў працоўнай дысцыпліны і з'яўляецца для нас узорам для пераймання", — пішуць работнікі ААТ "Азярцо-лагістык".

 

 

У дырэктара прадпрыемства наконт гэтага сваё меркаванне.

"Гэта прагул, парушэнне заканадаўства, — кажа Сяргей Дабрыян Еўрарадыё. — Яна сышла раней з працы на 2 гадзіны і 1 хвіліну без згоды наймальніка, таму ёй абвясцілі дысцыплінарнае спагнанне і, паколькі кантракт заканчваўся, я яго не працягнуў. Падставы ёсць".

Няўжо дырэктар не даражыць падначаленай і прычына непрацягнення кантракта толькі ў тым, што яна сышла крыху раней?

"Не толькі, — кажа суразмоўнік. — Правіннасць была здзейснена 11 лютага. Служба аховы паведаміла мне 14-га. У яе было 4 дні, каб даць тлумачэнне, што яна адсутнічала. І толькі потым я прыняў меры. Яна кіраўнік, якая нясе адказнасць за свае дзеянні і паказвае прыклад падначаленым. Усе мы добрыя работнікі. Калі былі б нядобрымі, прыцягваліся б да адказнасці. У прыватнасці, і Вярбіла добры работнік, але яна правінілася".

Што рабіць?

На прадпрыемстве лічаць, што дырэктар проста вострыць зуб на Алену і Дар'ю, таму што яны адстойваюць інтарэсы калектыву. Дзяўчаты кажуць, што яны ўжо не могуць спакойна хадзіць па прадпрыемстве, заходзіць у іншыя цэхі. Па іх словах, кіраўніцтва адсочвае кожны крок.

"Калі я збірала подпісы калег у падтрымку Алены, дырэктар сказаў паставіць мне 15 хвілін прагулу — час, на які я выйшла з кабінета, — успамінае Дар'я Анішчык. — Пасля гэтага да нас прыходзілі, праводзілі дысцыплінарныя гутаркі. Я працую ў кампаніі шмат гадоў, тут ніколі такога не было".

Старшыня прафкама Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва Валянціна Нех кажа, што, паколькі дзяўчаты адсутнічалі на працы звыш дзвюх гадзін, "па заканадаўстве Рэспублікі Беларусь менавіта наймальнік устанаўлівае меру дысцыплінарнага спагнання". Паводле слоў спецыяліста, на калегіі ў Кіраўніцтве спраў прэзідэнта [ААТ "Азярцо-лагістык" падпарадкоўваецца Кіраўніцтву спраў. — Еўрарадыё] Сяргей Дабрыян называў "жудасныя і страшныя лічбы", якія датычыліся дысцыплінарных парушэнняў на прадпрыемстве.

Лідар незалежнага Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч абураны санкцыямі на "Азярцо-лагістык". Ён паабяцаў абараняць інтарэсы работніц у судзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі