Палякі сфатаграфавалі беларускіх памежнікаў з нажніцамі для разразання калючага дроту. Здымак апублікаваў у Twitter міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак.
"Падобныя сітуацыі на мяжы — звычайная справа, — піша ён. — Крызіс на мяжы выклікаў рэжым Лукашэнкі. Беларускія вайскоўцы штодня спрабуюць нагнятаць сітуацыю, выкарыстоўваюць правакацыі і падштурхоўваюць мігрантаў на польскі бок".
Ад жніўня польскія памежнікі спынілі 30 тысяч спроб незаконнай міграцыі з Беларусі. Сотні мігрантаў з Сірыі, Ірака і іншых краін штодня спрабуюць нелегальна перайсці ў Польшчу.
У той час, калі польскі бок ускладае адказнасць за міграцыйны крызіс на афіцыйны Мінск, улады Беларусі гэта абвяргаюць. Як і абвінавачванні Варшавы ў правакацыях на мяжы. У МЗС нашай краіны выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы Марціна Вайцэхоўскага.
Польшча пабудуе на мяжы з Беларуссю плот вышынёй 5,5 метра, які павінен перашкаджаць спробам яе незаконнага перасячэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут