Палітолаг: У траўні на вулічныя акцыі ў Мінску выйдзе не больш за 500 чалавек

27/04/2017 - 14:49

Традыцыйнае шэсце “Чарнобыльскі шлях”, прысвечанае аварыі на Чарнобыльскай АЭС, не было масавым. Асабліва добра гэта бачна на фоне нядаўніх антыдармаедскіх акцый пратэстаў. Ці азначае гэта, што пратэстныя настроі ў беларускім грамадстве затухаюць? Што стала гэтаму прычынай і чаго чакаць ад магчымых акцый у траўні? На гэтыя ды іншыя пытанні ў жывым эфіры Еўрарадыё адказвае аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алена Арцёменка.

Цалкам размову з Аленай Арцёменка можна паслухаць тут:

Лепшыя цытаты з размовы:

Не круглая дата ― 31 ўгодкі аварыі на ЧАЭС, а надвор’е было неспрыяльным і паўплывала на колькасць людзей, якія вышлі на акцыю.

На антыдармаедскія акцыі масава выйшаў “перыферыйны” апазіцыйны актыў ― тыя, хто ў свой час адышоў ад палітычнага жыцця з-за рэпрэсій, але цяпер паверыў у агульны народны ўздым і лібералізацыю. Але рэпрэсіі на Дзень Волі зноў вярнулі гэтую “перыферыйную” апазіцыйную частку ў ранейшы стан ― ухілення ад удзелу ў вулічных акцыях.

Заўжды арганізатарамі вулічных акцый з’яўляюцца апазіцыйныя партыі, і таму на першы план выходзяць пытанні патрабаванні, якія іх найбольш хвалююць. Таму гэтым разам казалі пра Астравецкую АЭС і затрыманых па “справе Белага легіёна”.

Апазіцыйны актыў не зацікаўлены ў тым, каб працягваць ўдзельнічаць у акцыях. Тыя, каго тым ці іншым чынам закрануў дэкрэт №3, і хто выходзіў на акцыі ў сакавіку, больш выходзіць таксама не хочуць ― трымаюцца за тое, што маюць, і вераць у абяцанні ўладаў.

Не выключана, што акцыі ў траўні могуць быць больш масавыя за сёлетні “Чарнобыльскі шлях”, але не такімі масавымі, як антыдармаедскія акцыі ў сакавіку ― у Мінску колькасць удзельнікаў акцыі не перавысіць 500 чалавек.

Толькі пагаршэнне эканамічнага становішча людзей з-за канкрэтных рашэнняў улады, якія можна аспрэчыць пратэстнымі сродкамі, можа вывесці людзей на вуліцы. Гэта можа быць павышэнне цэн, рэзкае зніжэнне заробкаў ці нешта звязанае з валютай ― тое, што закране большасць людзей.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі