Падчас паездкі на Гродзеншчыну Лукашэнка згадаў пра "новы ўрад"

13/08/2016 - 13:46

Кіраўнікі абласцей павінны жорстка ставіць пытанні ва ўрадзе па праблемных сітуацыях. Такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка падчас сённяшняй паездкі ў Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці. У мясцовым райвыканкаме прайшла нарада, прысвечаная сацыяльна-эканамічнаму развіццю Гродзеншчыны. На ёй выступіў старшыня Камітэта дзяржкантроля Леанід Анфімаў. Ён адзначыў, што многія пытанні ў рэгіёнах не вырашаюцца з-за таго, што мясцовыя кіраўнікі не даводзяць інфармацыю пра праблемныя сітуацыі да ўраду. І апошні не ведае пра іх, а таму не можа іх вырашыць.

Лукашэнка эмацыйна адрэагаваў на такое паведамленне.

"Ёсць такія пытанні, якія трэба вырашаць на ўзроўні міністэрстваў і ўрада, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Я ведаю гэтую праблему, яна ёсць: губернатары не паставілі жорстка пытанні ва ўрадзе, але ва ўрадзе і радыя, што перад імі жорстка не паставілі пытанне".

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што калі падобнае будзе працягвацца і надалей, тады чыноўнікам давядзецца адказваць. "Калі губернатар не вядзе дыялог з урадам, значыць, будзе новы губернатар. Калі ўрад не разумее мясцовыя органы ўлады, значыць, будзе новы ўрад", — заявіў на нарадзе ў Ваўкавыску Лукашэнка.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі