Пад суд аддадуць яшчэ адну ўдзельніцу "карагоднай справы" ў Брэсце

12/10/2023 - 13:20

Акцыі пратэсту ў Брэсце / Следчы камітэт

Яшчэ адной удзельніцы "карагоднай справы" ў Брэсце пагражае суд, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Брастаўчанку затрымалі сёлета ў верасні. Паведамляецца, што яе вылічылі па відэазапісах.

Падчас допытаў яна сказала, што не планавала ўдзельнічаць у пратэстах, а "трапіла пад уплыў натоўпу". Следства заяўляе, што жанчына "прымала актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак, выбягала на дарогу, танчыла і здымала тое, што адбываецца, на мабільны тэлефон". Ёй выставілі абвінавачанне паводле "народнага" артыкула 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Акрамя таго, брастаўчанку прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, абвінаваціўшы ў распаўсюдзе "экстрэмісцкіх матэрыялаў".

Да суда жанчыну ўзялі пад варту. Матэрыялы справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

"Карагодная справа" — самы буйны палітычны працэс у Беларусі. У жніўні-верасні брастаўчане, пратэстуючы супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах і супраць гвалту сілавікоў, ладзілі шэсці ў цэнтры горада. Людзі вадзілі карагоды, танчылі, спявалі песні. Для іх разгону ўлады выкарыстоўвалі вадамёт.

Па "карагоднай справе" ўжо асудзілі больш за 130 чалавек.

Акцыі пратэсту ў Брэсце

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі