Пад Смалявічамі ў вёсцы Расошнае невядомымі абстраляны прыватны падворак. "Металічную агароджу прабіла наскрозь", — кажа Радыё Свабода мясцовы жыхар.
Прэс-служба Мінабароны паведаміла ў Telegram, што на месцы працуе камісія ведамства, а таксама следча-аператыўная група. Яны высвятляюць прычыны пашкоджання агароджы. Вядома, што 29 ліпеня ў тым раёне на вайсковым палігоне праходзілі вучэнні. Следства высвятляе, ці звязаныя з імі пашкоджанні ў населеным пункце. Дарэчы, ніхто з людзей не пацярпеў. Падчас здарэння гаспадыня-пенсіянерка была дома.
Як інфармуе Радыё Свабода, мясцовыя жыхары кажуць, што позна ўвечары ў панядзелак яны пачулі моцны выбух, які пашкодзіў некалькі пралётаў металічнага плоту (у ім шмат скразных дзірак). Аднак варонкі на падворку няма. У аўторак на месцы працавалі сілавікі.
У Мінабароны сказалі Еўрарадыё, што яшчэ разбіраюцца з інцыдэнтам.