Аштрафаваны адзін з выратавальнікаў АСВОД, які выцягваў з вады пратэстоўцаў

09/09/2020 - 11:43

9 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядалі справу першага з выратавальнікаў АСВОД, якія 6 верасня пасля Марша адзінства выцягвалі з вады пратэстоўцаў (людзі ўцякалі ад сілавікоў, якія праводзілі жорсткія затрыманні). Матарыста Мікалая Купрыенку вінавацяць "у непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы", перадае карэспандэнт Еўрарадыё з суда.

У пратаколе сказана, што супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Александровіч неаднакратна патрабаваў ад выратавальніка прычаліць да берага і перадаць яму асобаў, "падазраваных ва ўдзеле ў масавых беспарадках".

АСВОДавец не прызнае віну. Кажа, што не чуў, каб нехта яму нешта загадваў: "Я бачыў людзей, якія тонуць. Сінія губы, пена са рта. Людзі крычалі: "Дапамажыце, ратуйце!". Я ратаваў іх, я не чуў ніякіх загадаў".

Мікалай Купрыенка за тое, што не прывёз выцягнутых з вады пратэстоўцаў да супрацоўнікаў АМАП, аштрафаваны на 810 рублёў (30 базавых велічыняў). Гэта больш, чым яго месячны заробак. Неўзабаве суды чакаюць яшчэ семярых супрацоўнікаў мінскай станцыі АСВОД.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі