Вясна прыйшла — прачынаемся
Пасля доўгай зімы хочацца хутчэй прывесці сябе ў форму і пачаць жыць паўнавартасным жыццём. Але пакуль адны людзі пацеюць на бегавых дарожках у трэнажорных залах, запісваюцца да касметолагаў, мяняюць прычоскі і ўбранні, іншыя з цяжкасцю прымушаюць сябе падняцца раніцай і пайсці на працу.
— Не разумею, дзе ўзяць сілы на трэніроўкі, — піша адзін з чытачоў Еўрарадыё. — Адчуваю сябе, як разраджаны тэлефон, зарадка ад якога засталася дома.
— Справа не толькі ў зіме, але і ў дадатковых кантэкстах, ад якіх мы адчуваем сябе дрэнна, — каментуе сітуацыю псіхолаг Ганна Матуляк. — З аднаго боку, гэта можа быць вайна і агулам змрочныя навіны за дзень, з другога — асабістыя цяжкасці, напрыклад, развод, праблемы з дзецьмі, дакументамі і гэтак далей. Усё гэта трэба ўлічваць.
Па словах спецыялісткі, працэс аднаўлення пасля зімы мусіць быць далікатным і комплексным. Ні ў якім разе нельга "гвалтаваць" свой арганізм цяжкімі практыкаваннямі.
Уключаемся паступова.
Каб зразумець, чаму няма энергіі, трэба высветліць, ці ёсць для гэтага нейкія фізіялагічныя або біялагічныя прычыны.
Таму добра, калі пасля зімы ў вас знойдуцца сілы схадзіць у паліклініку. Варта здаць аналізы, праверыць узровень гармонаў і іншых важных рэчываў, дзякуючы якім працуе ваш арганізм.
А часам бывае так, што важна наадварот, пабыць з сабой. Напрыклад, калі мы гаворым пра пастаянны інфармацыйны перагруз, адасабленне (не адзінота, ад якой вы пакутуеце яшчэ больш), можа дапамагчы сабрацца з сіламі, разабрацца з патрэбамі, адчуць і максімальна іх потым задаволіць.
У такі перыяд можна атрымліваць асалоду ад любімай музыкі, глядзець старыя фільмы, якія заўсёды вас цешылі, з'ездзіць у нейкае зацішнае месца, напрыклад, на прыроду.
Можна выконваць усе рэкамендацыі спецыялістаў, але не адчуваць сябе лепш. Мы жывем у вельмі насычаным інфармацыйным полі. Часам прычына дрэннага самаадчування — у пастаянным чытанні навін, якія ўзмацняюць трывогу і неспакой.
Мы ўсе гаворым пра тое, што трэба падтрымліваць інфармацыйную гігіену, але забываемся на гэта і не можам адключыцца ад таго, што адбываецца. Калі хочаце сябе лепш адчуваць, рабіце перапынкі.
Для некаторых людзей вельмі важным можа быць клопат пра кагосьці — чалавека або гадаванца. Калі побач ёсць хтосьці меншы або той, хто мае патрэбу ў даглядзе, клопат пра яго можа дапамагаць трымацца на плаву, дадаваць жыццёвага сэнсу і энергіі, каб рухацца далей.
У кожнага чалавека ёсць свой спектр таго, што напаўняе яго энергіяй, дорыць добрае самаадчуванне і гэтак далей. Падумайце, што звычайна прыносіць вам радасць.
І музыка, і кіно, і падарожжы даюць нам новы эмацыйны вопыт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут