“Няхай сям'я разбіраецца сама”. Чаму пралайферы супраць закона пра хатні гвалт

27/08/2018 - 10:18

Беларускія “прасямейныя” праваслаўныя арганізацыі напісалі ліст Аляксандру Лукашэнку. Яны просяць скарэктаваць канцэпцыю закона аб хатнім гвалце. "У сям'і павінны быць уласныя рэсурсы і механізмы вырашэння ўнутраных канфліктаў", лічаць яны. Дакумент, што разам з грамадскімі арганізацыямі распрацавала МУС, пралайферы называюць "прафанацыяй", якая прывядзе да дэградацыі інстытута сям'і і дэвальвацыі маральна-культурных каштоўнасцяў.

Сярод падпісантаў — арганізацыі "Выратаванне немаўлят", "Цэнтр падтрымкі сям'і і мацярынства “Мамалета”", "Бацькоўства", "Горад без наркотыкаў", "Адкрытыя сэрцы", "Цэнтр падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства “Пакрова”", прадстаўнікі Аб'яднанай царквы ХВЕ ў Беларусі, прадстаўнікі царквы ЕХБ.

 

“Калі нешта здарылася ў адной сям'і, гэта раздуваецца на 10 мільёнаў”

"Мы выступаем супраць таго, каб, правы дзяцей ставіліся вышэй за правы бацькоў, і ў выніку дзеці змаглі б пагражаць сваім бацькам, у выпадку, калі яны адмаўляюцца патураць капрызам, — тлумачыць пазіцыю дабрачыннага аб'яднання "Выратаванне немаўлят" адна з яго кіраўніц Юлія Яраслаўцава. — Безумоўна, нельга закрываць вочы на ​​агрэсію ў дачыненніх да дзяцей, дапускаць з боку дзяржавы жорсткае збіццё, якое цягне за сабой сур'ёзныя траўмы, а таксама сексуальны гвалт. Але і неправамерна забіраць дзіця з сям'і за плясканне або незадавальненне капрызаў. Хацелася б больш выразнага тлумачэння, што ўключае ў сябе дапушчальнае пакаранне дзіцяці. У выпадку рэалізацыі закона дзіця адчуе велізарны стрэс з прычыны яго канфіскацыі з сям'і, гэта яшчэ больш ўскладніць яго адносіны з бацькамі".

Кіраўнік Цэнтра падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства "Пакрова" Андрэй Зубенка мяркуе, што будучы закон аб хатнім гвалце "праплачаны Захадам". На яго думку, праблемы ў беларускіх сем'ях варта вырашаць не “агрэсіўным умяшальніцтвам дзяржавы ў справы сям'і, а выхаваннем праз міласэрнасць, узаемапаразуменне, якія ўласцівыя традыцыйным каштоўнасцям”.

"Які хатні гвалт ёсць у Беларусі? Калі нешта здарылася ў адной сям'і, гэта раздуваецца адразу на дзесяць мільёнаў па ўсіх навінах, каб адмыслова зрабіць такі закон. А ёсць жа нармальныя сем'і, дзе нармальна жывуць людзі. Чаму грамадству не паказаць такую сям'ю? Што ў ёй шмат дзяцей, яны добра выхаваныя, атрымліваюць узнагароды? Чаму мы не кажам пазітыўна пра сям'ю, а ўвесь час шукаем негатыў? — абураецца Андрэй Зубенка. — Трэба выхоўваць людзей, уводзіць сем'язнаўства ў школах, працаваць на пазітыве, гаварыць аб маральнасці і сямейных каштоўнасцях. А гэты закон разбурыць сям'ю знутры, і прыкладам бяруцца заходнія краіны, дзе няма сям'і як такой, дзе ёсць аднаполыя шлюбы. Сямейныя каштоўнасці — гэта залог поспеху. Мы ходзім на Дзень Перамогі, мы памятаем нашых дзядоў. А як мы будзем іх паважаць з такім законам?"

Паводле МУС, штогод у міліцыю паступае каля 120 тысяч зваротаў аб хатнім гвалце

Новы закон мае пашырыць азначэнне хатняга гвалту і яго ўдзельнікаў, ён дазволіць разводзіць канфліктуючыя бакі адразу, як толькі прыедзе міліцыя, а не праз некалькі дзён, як гэта адбываецца цяпер. Таксама ўвядуць тэрмін “ацэнка рызыкі”: калі на хатніх агрэсараў пачнуць складаць чэк-лісты, якія дадуць магчымасць ацэньваць ступень паўтарэння інцыдэнту. Таксама прадугледжаныя карэкцыйныя праграмы, якія пры жаданні зможа прайсці агрэсар. У дакуменце з'явяцца такія тэрміны, як "эканамічны гвалт" і "псіхалагічны гвалт". Калі канцэпцыя законапраекта будзе ўхваленая гэтай восенню Палатай прадстаўнікоў і кіраўніком краіны, і закон набудзе моц, у міліцыю можна будзе звяртацца па любым факце гвалту над дзецьмі.

Новаўвядзенні, якія тычацца сям'і, непакояць не толькі пралайфераў. На пачатку жніўня з заўвагамі адносна будучага закона аб хатнім гвалце выступіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Каталіцкі іерарх лічыць, што канцэпцыя супярэчыць нацыянальным, культурным і духоўным традыцыям беларускага народа і непакоіцца, што дзяржава такім чынам атрымае дадатковыя магчымасці кантраляваць сем'і вернікаў, якія займаюцца рэлігійным выхаваннем дзяцей.

Ці прыслухаюцца Аляксандр Лукашэнка і чыноўнікі МУС да галоўнага каталіцкага святара і праваслаўных “арганізацый” — невядома. Аднак цікава, што менавіта актыўная пазіцыя пралайфераў у 2014 годзе прывяла да змен у законе "Аб ахове здароўя", калі з'явілася абавязковае перадабортнае кансультаванне. На думку праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў, гэта парушае правы чалавека.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі