Не толькі люксавыя аўто. Беларусы зарабляюць, прадаючы ў Расію цягачы з Еўропы

23/04/2024 - 10:01

Беларусы прадаюць еўрапейскія цягачы ў Расію. / @rubanau_collage

Польшча, Літва і Латвія перасталі прапускаці праз мяжы з Беларуссю люксавыя аўто, на гандаль якімі з Расіяй накладзеныя санкцыі. Але журналісты-расследавальнікі высветлілі, што кантрабандны рынак аўтамабіляў жыве не толькі за кошт Porsche ды Lexus.

Беларускія фірмы-праслойкі падымаюць мільёны, прадаючы ў Расію еўрапейскія цягачы: Volvo, Scania, Mercedes-Benz, DAF, MAN, Renault. У 2023 праз Беларусь на расійскія дарогі трапіла больш за 600 такіх аўтамабіляў на $60 млн.

Схемы перапродажу раскрывае беларускае “Бюро” у партнёрстве з расійскай “Вёрсткай”. Расследаванню дапамагалі “КіберПартызаны” і літоўцы з Siena.

Чысты прыбытак — 1 млн долараў

Кампанія “НМП Лагістык” была зарэгістраваная неўзабаве пасля ўвядзення санкцый Еўрасаюза. За год бізнес павялічыў выручку ў 10 разоў, да 7 мільёнаў долараў. Чысты прыбытак склаў 47 тысяч долараў — у 5 разоў больш, чым год таму.

Яшчэ адзін беларускі пасярэднік — кампанія “Аўтабай Лізінг”. За мінулы год яе выручка вырасла ў 6 разоў, да 15 млн долараў, чысты прыбытак склаў 1 млн долараў — у 22 разы больш, чым летась.

Фірмай валодае Сяргей Лытко, грамадзянін Беларусі родам з Крыма. За год Лытко напрадаваў у Расію цягачоў на 5,8 млн долараў. Пакупнік — кампанія “Аўтабай”, якой валодае беларус, былы спартовец Ігар Дзятко.

Найбольшага поспеху ў пастаўках еўрапейскіх грузавікоў у Расію дасягнула беларуская кампанія “Белшынгандальсэрвіс”. Фірма больш за 30 гадоў прадае шыны, дыскі, акумулятары, аўтамабілі і спецтэхніку, аўтазапчасткі і г.д. Пасля 2020-га рабіла пастаўкі сілавым ведамствам.

За 2023 кампанія павялічыла выручку ў 5 разоў, да 46 млн долараў. Чысты прыбытак вырас ў 24 разы і склаў 390 тысяч долараў. Зарабляе на гэтым беларус Уладзімір Сержановіч.

“У мяне ў кампаніі працуе 200 чалавек, у мяне крэдыты і да таго падобнае. Раскажыце, як мне плаціць заробкі, карміць гэтых людзей. Што мне, закрыцца і ўвогуле не гандляваць нічым?! Што мне, памерці?! Мы не працуем з Еўрасаюзам. Мы працуем унутры Еўразійскага эканамічнага саюза. Там гэтыя машыны перамяшчаюцца свабодна, там няма абмежаванняў. А як яны туды [у ЕАЭС] заехалі? Хрэн яго ведае”, — сцвярджае Сержановіч.

З Германіі ў Расію праз Літву і Беларусь

Журналісты знайшлі адказ на пытанне, якое агучыў бізнесовец. Згодна з VIN-нумарамі грузавікоў, якія заехалі ў РФ праз “Белшынгандальсэрвіс”, перад гэтым яны пабывалі ў Літве, а потым — у Казахстане.

Казахстан — ужо класічная схема абыходу санкцый, але не адзіная. У ланцужку перапродажы еўрапейскіх аўтамабіляў у Расію акрамя ўласна расійскіх і беларускіх фірмаў задзейнічаныя кампаніі з Германіі і Літвы.

Дзякуючы беларускім пасярэднікам па расійскіх дарогах ездзяць еўрапейскія цягачы

Вось прыклад. Расійская кампанія “Аўтабай” купляе “Таёту” ў беларускай кампаніі “Аўтабай Лізінг”. Тыя ў сваю чаргу імпартуюць яе з Літвы. А літоўская кампанія набывае яе ў аўтасалоне ў Германіі.

На шляху з Германіі ў Расію “Таёта” падаражэла на 3600 еўра. “Аўтабай Лізінг” за пасярэдніцтва ўзяў 63 еўра.

Ну і што тут такога?

Справа, вядома, не ў 63 еўра. І нават не ў грузавіках як такіх. А ў тым, што сярод тавараў, якія нельга экспартаваць у Расію, амаль 3 тысячы найменняў, якія спакойна можна прадаваць у Беларусь.

Напрыклад, уседарожнікі, якія Расія можа выкарыстоўваць у вайне супраць Украіны. Вывучэннем гэтых звестак займаецца нарвежская кансалтынгавая арганізацыя Corisk.

“Каб экспартны кантроль быў эфектыўным, санкцыі ў дачыненні да Беларусі павінны быць люстэркавым адбіткам санкцый у дачыненні да Расіі. Сёння беларускі пралом дастаткова вялікі, каб армада грузавікоў, легкавікоў і іншых тавараў магла прайсці з Захаду ў Расію і, магчыма, далей — на палі бою ва Украіне”, — падсумоўвае старшы дарадца Нарвежскага Хельсінкскага камітэта Оге Боркгрэвінк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі