Наталля Кісель: нам патрэбны адзіны саюз паміж Беларуссю, Расіяй і Еўропай

03/06/2020 - 08:46
Наталля Кісель / Еўрарадыё

Наталля Кісель — адна з самых нераскручаных прэтэндэнтак на прэзідэнцкае крэсла ў 2020 годзе. Што апалітычная бізнесвумен з трыма вышэйшымі адукацыямі забылася ў вялікай палітыцы? У праграме "Кандыdating" Наталля Кісель адказвае на пытанні рэдактара Еўрарадыё Змітра Лукашука: ад "Ці пакліча людзей на плошчу?" да "Чый Крым?".

— Нашай мэтай было выкарыстаць законную магчымасць і заявіць пра сябе як пра актыўную каманду з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Мне складана ўявіць, што хто-небудзь з нашай каманды зможа перамагчы на выбарах 2020 года "кандыдата №1". Што да падліку галасоў, я ўсё ж такі спадзяюся, што наша дзяржава працуе ў рамках закона і, адпаведна, галасы падлічваюцца правільна.

Ці адважацца перавозчыкі па прыкладзе фермераў з Германіі, якія зладзілі страйк каля офіса партыі Ангелы Меркель, зрабіць тое ж самае ў Беларусі для абароны сваіх інтарэсаў?

— У нас абсалютна адсутнічае такі інструмент, які існуе ў Еўропе, — рэгістрацыя прафсаюзаў на грамадскіх пачатках паміж перавозчыкамі, напрыклад. Арганізоўваецца асацыяцыя як грамадская арганізацыя. Грузаперавозчыкі ў Італіі перакрываюць трасу і тым самым адстойваюць інтарэсы, у тым ліку і сваёй эканомікі. Яны могуць паказаць такімі дзеяннямі не толькі тое, што яны не згодныя з нейкімі законамі ўнутры Еўрасаюза, але і ў тым ліку паказаць, што трэба лічыцца з нейкімі патрэбамі краіны. Але гэта прафсаюзы, і людзі пад абаронай. У нас, калі ты сам-адзін выйдзеш, то па законе ты не маеш на гэта права. Ты павінен узгадніць мерапрыемства, зацвердзіць яго, атрымаць месца і гэтак далей.

Калі вынікі выбараў выклікаюць сумневы, выводзіць людзей на вуліцы Наталля не плануе.

— Ёсць жа законныя інструменты. Мы будзем звяртацца да юрыстаў, калі гэта будзе адбывацца. Ладзіць балаган ці нейкія сцэнары мы таксама не хочам.

Наталля разглядае перспектывы адкрыцця межаў з пункту гледжання лагіста. Няма межаў, няма кантрольна-прапускных пунктаў — тады і бізнес ідзе лягчэй.

— Калі мы гаворым пра тое, што перавозчыку цікава жыць без межаў, то так, я б хацела, каб у нас быў адзіны саюз паміж Беларуссю, Расіяй і Еўропай. Мы тады не будзем мець ніякіх межаў, ніякая дазвольная сістэма не будзе ў нас нетарыфным рэгуляваннем.

Наталля не гаворыць па-беларуску, але не супраць "беларусізацыі".

— Свет пакуль складваецца так, што Беларусь павінна быць незалежнай краінай. Я не размаўляю на беларускай мове — так склалася мая біяграфія — але мне вельмі падабаецца беларуская мова. Калі людзі на ёй гавораць, гэта вельмі прыгожа. Што да пытанняў нацыі, культуры — я ўсімі рукамі за.

Чый Крым?

— Гэта вельмі вузкае знешнепалітычнае пытанне. Калі я стану прэзідэнтам, я абяцаю, што я аддам яму асаблівую ўвагу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі