Нашумелы спектакль “Дзе адступаецца каханне” гомельскага тэатра знялі з паказу

27/10/2016 - 15:08

Спектакль “Дзе адступаецца каханне” гомельскага Маладзёжнага тэатра, афішу якога вясной забараніў мясцовы гарвыканкам, знялі з паказу. Летнія паказы пастаноўкі па п'есе Аляксандра ВалодзінаЗ каханымі не расставайцеся” прайшлі з поспехам, сабралі станоўчыя водгукі і публікі і крытыкаў. Але пасля нядаўняга скандальнага звальнення дырэктара тэатра Зоі Гарынай, паказ п’есы стаў немагчымым. Справа ў тым, што следам за кіраўніцай з “маладзёжкі” сышлі і два вядучыя акцёры, а ў пастаноўцы была задзейнічаная ўся тэатральная трупа.

Былая дырэктарка гомельскага Маладзёжнага тэатра Зоя Гарына распавядае Еўрарадыё пра лёс старых пастановак, падтрымку трупы і стасункі з чыноўнікамі.

Зоя Гарына: Я абсалютна абдумана ішла на пасаду дырэктара тэатра, вельмі люблю тэатр, люблю ўсё, што ў ім адбываецца, нават гэтыя інтрыгі, якія з’яўляюцца неаддзельным складнікам тэатра. У савецкія часы быў так лозунг “Кадры вырашаюць усё”. Са мной жа сышлі вядучыя акцёры. У самім тэатры засталося многа людзей, якія гатовыя мяне падтрымаць. Ім проста не хапіла рашучасці, бо акцёр — прафесія эксклюзіўная, і наўрад ці знойдзеш працу па душы недзе ў іншым месцы.

Улічваючы ўсё гэта, мы будзем ствараць уласны тэатр, які называецца Team Theatre. Пакуль без сцен і даху, але ўсё роўна ў нас ужо ёсць вельмі шмат — акцёры, светлыя галовы, з вялікім акцёрскім багажом і досведам.

Для пачатку нам будуць па сілах толькі антрэпрызныя тэатральныя пастаноўкі, але я спадзяюся, з цягам часу...

 

Еўрарадыё: Ці ёсць ужо памяшканне хоць бы для рэпетыцый, сродкі на арэнду памяшкання?

Зоя Гарына: Ёсць шмат ідэй, якім чынам рухацца і зарабляць. Цяпер надыходзіць час Новага года, у нас ёсць ужо гатовыя адрэпетаваныя казкі. Мы робім іх вельмі інтэрактыўнымі, каб працаваць з публікай. Пачнём з добрай справы. Будзем даваць дабрачынныя прадстаўленні для дзяцей-сірот, магчыма, для дзяцей-інвалідаў і так далей. Бо я лічу, што калі пачынаеш правільную справу, трэба яе пачынаць з правільных рэчаў — не зарабляць, а аддаваць нешта. З гэтага мы і пачнём.

А памяшканне з’явіцца. У тэатры я зрабіла для акцёраў падарунак — рэпетыцыйную залу. Разумееце, любы тэатр — гэта вытворчасць спектакляў. У тым стане, у якім быў тэатр, калі я прыйшла, выратаваць яго маглі толькі частыя і яскравыя прэм’еры. Рэпзала патрэбная была, каб рэпетаваць паралельна адразу некалькі пастановак. Але новы дырэктар вырашыў, што рэпзала не патрэбная, і ад яе адмовіліся.

Дарэчы, гэтая зала была зробленая, як малая сцэна тэатра. Я планавала там адкрыць тэатр пад 30 крэслаў, бо туды змяшчаецца недзе 30 гледачоў. Паказваць акцёрскі тэатр, інтэлектуальны, асаблівы. Натуральна, гэта было б даражэй па квітках, чым камедыі ці іншыя масавыя пастаноўкі, бо гэта быў бы тэатр для тэатралаў.

Еўрарадыё: Калі вас звальнялі, адной з прычын называлі ваш удзел у “Інтымным тэатры”. Мелася на ўвазе інтымнасць атмасферы, але чыноўнікі зразумелі гэтае слова па-свойму. Што цяпер з гэтым праектам?

Зоя Гарына: Сутнасць жа не ў тым, як называецца. Проста чыноўнікі не ведаюць тэатральнай гісторыі. Я нічога новага не прыдумала. Проста ўсе тэатры, якія маюць сваю вялікую сцэну, недзе адкрывалі такі невялічкі акцёрскі тэатр і называлі яго інтымным. Гэта гістарычна так склалася з канца XIX стагоддзя. Такія тэатры былі і дагэтуль існуюць і ў Маскве, і ў Піцеры… А яны слова інтымны зразумелі, як парнаграфічны… ну, добра. Але інтымны тэатр будзе. Наш тэатр мы называем “Team” атрымліваецца in team — перакладаецца, як “у камандзе”. Галоўнае — сутнасць, а не назва.

А звольнілі, дык звольнілі! Я, насамрэч, да гэтага спакойна стаўлюся і не спрабую з кулакамі даказваць сваю правату.

Еўрарадыё: То бок ніякіх крыўдаў на чыноўнікаў не адчуваеце?

Зоя Гарына: Ведаеце, мне дастаткова шмат гадоў, каб юнацкі максімалізм застаўся ў далёкім мінулым. Я ўспрымаю ўсё спакойна, з філасофскім стаўленнем. Я не буду спрачацца з тым, хто наверсе кіруе нашымі лёсамі, яму лепш бачна. Але паглядзіце, як усё добра складваецца! Я за гэтыя паўгода навучылася шмат чаму. Даведалася пра ўсю гэтую кухню знутры. Са мной сышла каманда, якая мяне падтрымлівае. Хіба гэта мала? Хіба гэта дрэннае дасягненне за паўгода? У нас быў выдатны спектакль “Дзе адступаецца каханне”. Пра яго ў прэсе напісалі столькі, колькі не пісалі пра гэты тэатр за ўсе 25 гадоў існавання. Мы столькі станоўчай, добрай крытыкі атрымалі!

Верагодна, з-за гэтага такі інфармацыйны выбух і адбыўся. Бо ёсць ацэнка маёй дзейнасці прафесіяналамі, а ёсць рашэнне адміністрацыі, гаспадара тэатра, дзяржавы. Дзяржаве не вельмі патрэбны такі тэатр… значыць, не трэба, значыць, ён будзе існаваць недзе асобна.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі