"Наша месца тут": інтэрв'ю з беларускім доктарам у часе паветранай трывогі

14/03/2022 - 11:59
Лекар Станіслаў Салавей / архіўнае фота Вадзіма Заміроўскага

"Што б ні казалі пра міфічную абарону мірнага насельніцтва, Расія прыйшла сюды, каб забіваць людзей і бамбіць гарады", — расказвае Еўрарадыё вядомы мінскі лекар-гінеколаг Станіслаў Салавей.

Пасля звальнення з 3-й гарадской клінічнай бальніцы спецыяліст паехаў працаваць ва Украіну, дзе ўжо больш за два тыдні ідзе вайна. Да гэтага доктар удзельнічаў у акцыі салідарнасці з адлічанымі за пратэсты студэнтамі, за што адседзеў 15 сутак.

Мы стэлефаноўваемся ў той момант, калі ў Адэсе спрацоўвае паветраная трывога. Суразмоўнік зачыняе балкон і спакойным голасам пачынае адказваць на пытанні.

 

Еўрарадыё: Што адбываецца ў горадзе, дзе вы цяпер жывяце, пасля нападу Крамля?

Станіслаў: За ўсю Адэсу не скажу, але па адчуваннях горад вельмі апусцеў. Стала менш машын. Некаторыя беларусы, якія перабраліся сюды з сем'ямі пасля 2020 года, як і самі адэсіты, выязджаюць у Польшчу ці Малдову. Многія мясцовыя вывезлі сваіх блізкіх у вёскі. У першыя дні вайны да абменнікаў і крамаў стаялі чэргі, потым усе падсупакоіліся. Панікі сярод людзей я не бачу. Хутчэй — злосць, сабранасць.

З улікам таго, што ў горадзе абвешчана каменданцкая гадзіна, многія імкнуцца лішні раз не выходзіць на вуліцу. Я таксама, нягледзячы на тое, што ў мяне ёсць від на жыхарства і папера з працы, якая дазваляе парушаць правілы, паколькі наша клініка працуе кругласутачна і ў любы момант мяне могуць выклікаць. Тым не менш я грамадзянін замежнай дзяржавы, улады якой варожа ставяцца да Украіны...

Прыяцелі, якія бываюць у цэнтры, кажуць, што там шмат вайскоўцаў і тэхнікі. Знаёмыя беларусы, якія не з'ехалі, з першых дзён далучаліся да атрадаў тэрытарыяльнай абароны. Дапамагалі будаваць умацаванні, гатавалі фірмовыя кактэйлі — карацей, запасаемся.

Я чуў выбухі і аўтаматную стральбу, перыядычна спрацоўвае СПА, паветраныя трывогі даносяцца і з суседніх гарадкоў. Усе вышынныя дамы, пад'езды, дахі будынкаў не падсвятляюцца, порт цалкам зацемнены.

Калі працуе паветраная трывога, людзі спускаюцца ў найбліжэйшы паркінг і начуюць там. Побач з нашым домам некалькі бамбасховішчаў.

У порце / УСИ Online

Еўрарадыё: Што адбываецца ў лякарнях?

Станіслаў: Ведаю, што ў нашай лякарні былі параненыя. Гэта прыватная клініка, але кіраўніцтва вырашыла, што дапамогу ў такіх выпадках будзем аказваць бясплатна. Усе хочуць быць максімальна карыснымі. Ведаю лекараў, якія запісаліся ў атрады тэрытарыяльнай абароны.

Да пункта здачы крыві гарадской лякарні выстройваліся вялізныя чэргі.

У нашай лякарні працавала больш за дзясятак беларускіх спецыялістаў. Некалькі дактароў забралі сем'і і з'ехалі, астатнія засталіся па прынцыпе "наша месца тут, будзем дапамагаць па меры сіл".

Ведаю таксама нашых лекараў, якія засталіся ў Кіеве і дапамагаюць там параненым. Знаёмыя былі сведкамі перастрэлкі, калі затрымлівалі дыверсантаў. У іх там, вядома, адразу было нашмат больш неспакойна, калега начавала ў бамбасховішчы.

 

Еўрарадыё: Мы ўсе ведаем пра лекарскі абавязак, але як гэта — ратаваць ворага?

Станіслаў: Я ўпэўнены, што ні беларускія, ні ўкраінскія дактары не пакінуць ні аднаго параненага без дапамогі. Дапамога будзе аказаная ў кожным разе, а далей хай разбіраюцца кампетэнтныя органы. А так адчуванні ад усяго гэтага змяшаныя: шмат дзяцей прыехала з Расіі, якія кажуць, што іх адпраўлялі на вучэнні і яны не разумелі, на што ідуць. Падманвалі?.. Што тут скажаш, сардэчна запрашаем. Ва Украіне ідзе вайна, і тут будуць страляць з кожнага кута. Спагады да іх не адчуваеш, але дапамагаць будзем.

Еўрарадыё: Як паводзяць сябе звычайныя ўкраінцы?

Станіслаў: Пра што гаварыць, калі мужчына за 50 з кучай хранічных захворванняў вывозіць дачку і ўнучку за горад, а сабе купляе кучу патронаў да паляўнічай стрэльбы? Пра што яшчэ — калі ўсё сяло здымаецца ў тэрытарыяльную абарону і старыя шчыра засмучаюцца, што ўзялі дваіх маладзейшых, якія служылі ў дэсанце, а іх не? Дзядоў не бяруць. Яны кажуць, што ўсё роўна будуць абараняць сваю зямлю, таму што ёсць паляўнічыя вінтоўкі.

Я размаўляў з чалавекам, які займаецца продажам маторнай алівы. Ён аддае яе хлопцам, якія гатуюць кактэйлі Молатава. Ніхто не хоча заставацца ўбаку. У галовах некаторых людзей існуе закаранелае меркаванне, што ў Адэсе і Харкаве заўсёды максімальна лаяльна ставіліся да Расіі, але і тут людзі актыўна збіраюць бутэлькі для кактэйляў, закупляюцца патронамі. Ніхто не хоча заставацца ўбаку.

Расія зладзіла вайну проста на роўным месцы, сцягнула кучу войска. Усё яшчэ кагосьці абараняе? Лухта!

Еўрарадыё: Што вы адчуваеце, разумеючы, што з тэрыторыі нашай краіны на Украіну ляцяць ракеты? Як рэагуюць адэсіты?

Станіслаў: У асноўным, у прынцыпе, усе ўсё разумеюць. Тут вялікая беларуская дыяспара. Людзі праводзілі акцыі і пастаянна тлумачылі, што, па сутнасці, Беларусь акупаваная і мы не падтрымліваем Лукашэнку, які прадаўся Расіі. І тым не менш Беларусь для ўкраінцаў цяпер краіна-агрэсар, удзельніца канфлікту. Іх можна зразумець.

Еўрарадыё: У дзень рэферэндуму па Канстытуцыі, калі многія беларусы выйшлі на вуліцы, каб выступіць супраць вайны ва Украіне, у Мінску былі затрыманыя лекары Дзмітрый і Ірына Маркелавы…

Станіслаў: Я пазнаёміўся з Дзмітрыем яшчэ ў лістападзе 2021 года, калі нас затрымалі. Што сказаць? Чарговы раз пераканаўся, што і ён, і яго жонка — звычайныя людзі, у якіх ёсць сумленне. Цяпер маўчанне — гэта, па сутнасці, патуранне забойству. Я не бачу прычын, якія могуць прымусіць беларусаў, тым больш лекараў, маўчаць.

Лекары, якія ратуюць жыцці, першымі павінны ўстаць і сказаць: "Спыніцеся, вам Украіна нічога дрэннага не зрабіла". Нас уцягнулі ў вайну, і адмывацца ад гэтага будзе складана, калі наогул магчыма. Людзі, якія сёння выходзяць у Беларусі, — гэта героі.

Еўрарадыё: Беларусы, якія сёння едуць бараніць Украіну ці застаюцца дапамагаць, як нашы дактары, таксама паступаюць гераічна. "Я маю намер заставацца тут. Я вельмі спадзяюся, што тут я больш патрэбны", — напісаў яшчэ ў першыя дні вайны ў фэйсбуку дзіцячы анестэзіёлаг-рэаніматолаг Максім Ачарэтні, які таксама вымушана з'ехаў у Адэсу пасля 2020-га.

Станіслаў: У Максіма той самы падыход да сітуацыі, што і ў Маркелавых. Калі ёсць правільна, як можна паступаць інакш? Максім — проста добры чалавек, а калі чалавек добры, усё астатняе няважна. І наадварот…

Ірына і Дзмітрый Маркелавы / фэйсбук

25 лютага адзін вусаты ўзурпатар наведаў Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Для мяне было вельмі балюча разумець, што вось у суседняй краіне вайна, Беларусь у яе ўцягнутая, а ў нас усё добра, наведваем лякарні, расказваем, якія мы малайцы.

Там жа стаялі дактары, акадэмікі — нібыта паважаныя людзі. І ўсе робяць выгляд, быццам у краіне нічога не адбываецца — усё выдатна. Няўжо званне акадэміка або пасада дырэктара каштуе сумлення? Мабыць, для кагосьці — так.

Другі дзень вайны ва Украіне. Медыкі на сустрэчы з Лукашэнкам / БЕЛТА

Я не разумею, як можна ігнараваць вайну. Я лічу, што ніякія званні і пасады не могуць быць апраўданнем нястачы гонару, таму мне сорамна за кіраўнікоў медыцыны, якія прыгожа і на камеру робяць выгляд, што нічога не адбываецца. Ёсць вядомыя медыкі, якія не маўчалі, іх з'елі. За іх не заступіліся.

Але я ўпэўнены, што дабро ўсё роўна пераможа, і ўкраінцы гэта добра паказваюць. Якой бы ні была тэхнічная або колькасная перавага праціўніка, нельга перамагчы такі народ. Войска Украіны — гэта кожны яе жыхар. Я не ведаю, як перадаць свае ўражанні ад іх баявога духу. Такое не перамагаецца. Людзі тут дакладна ведаюць, за што ваююць.

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі