На выбарчых участках будзе ў сярэднім па тры назіральнікі

24/09/2015 - 09:39

Цэнтрвыбаркам паведаміў пра колькасць акрэдытаваных назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах 11 кастрычніка.

Паводле звестак ЦВК, акрэдытацыю атрымалі каля 500 замежных назіральнікаў. Прычым больш за 300 з іх прадстаўляюць місію СНД, у тым ліку Міжпарламенцкую Асамблею СНД. БДІПЧ АБСЕ акрэдытавала больш за 80 назіральнікаў, Парламенцкая асамблея АБСЕ — амаль 70. Выбарчыя органы замежных дзяржаў дашлюць 19 чалавек, ПАСЕ — дзевяць. Акрамя таго, атрымалі акрэдытацыю пяць незалежных назіральнікаў, перадае БЕЛТА.

Акрамя таго, ЦВК зарэгістраваў ужо больш за 18 тысяч нацыянальных назіральнікаў. У тым ліку 2574 чалавекі зарэгістраваліся назіральнікамі  шляхам падачы заяў, а 479 — прадстаўляюць працоўныя калектывы.

Нагадаем, што на выбарах будзе 6170 выбарчых участкаў. Такім чынам, як падлічыла Еўрарадыё, на кожным участку ў сярэднім будзе па тры назіральнікі.

Палітычныя партыі накіравалі на выбары 1307 назіральнікаў. Гэта прадстаўнікі такіх арганізацыяў, як Беларуская аграрная партыя, Беларуская партыя "Зялёныя", Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Камуністычная партыя Беларусі, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Партыя БНФ, Аб'яднаная грамадзянская партыя, Ліберальна-дэмакратычная партыя ды інш. Як палічыла Еўрарадыё, у сярэднім партыйных назіральнікаў можна будзе пабачыць на кожным пятым участку.

Вялізную колькасць назіральнікаў даслала грамадская арганізацыя "Белая Русь" — 2445 чалавек. Яшчэ 2763 назіральнікі зарэгістраваў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, 1181 — Беларускі саюз жанчын, 2111 — Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, 4139 — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Для параўнання: Беларускі Хельсінкскі камітэт падрыхтаваў 43 назіральнікаў , БНФ "Адраджэнне" — двух.  

Іншыя грамадскія аб'яднанні акрэдытавалі яшчэ больш за 1000 прадстаўнікоў.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі