На судзе над байкерам выявілася, што камеры на скрыжаванні не працавалі

25/10/2016 - 14:19

На судзе па справе байкера Сяргея Шаўцова выявілася, што на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова не працавалі камеры відэаназірання. Не працавалі таксама і відэакамеры на акадэміі МУС, размешчанай паблізу. І нават экіпаж "Стралы", які праехаў міма здарэння, таксама не меў відэарэгістратара.

Такім чынам, відэаздымкаў з месца здарэння практычна няма. Раней было абнародаванае толькі відэа з інкасатарскай машыны, у якую ўрэзаўся байкер з міліцыянтам.

Таксама на судзе 25 кастрычніка інспектар ДАІ Уладзімір Таўпінец паведаміў, што яго лекаванне каштавала 21,5 тысячы "новых" рублёў. Еўрарадыё паведамляла, што інспектар хоча спагнаць з байкера 50 000 рублёў кампенсацыі.

Працэс у судзе Цэнтральнага раёна Мінска прысвечаны здарэнню, якое адбылося 18 красавіка. Тады байкер Шаўцоў выехаў на матацыкле на праспект Незалежнасці, пацягнуўшы за сабой інспектара ДАІ Таўпінца. Матацыкл урэзаўся ў інкасатарскую машыну. У выніку даішнік паўтара месяца быў у коме.

Сяргея Шаўцова вінавацяць у супраціве супрацоўніку міліцыі, а таксама парушэнні правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі