Салдаты чакаюць паседжання па "справе Коржыча", 2018 год / Здымак носіць ілюстрацыйны характар, Еўрарадыё
8 кастрычніка ў 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе падчас вучэнняў на палігоне салдат тэрміновай службы стрэліў у вока таварышу. Зарад быў халастым, таму пацярпелы салдат застаўся жывы. Салдат пазбавіўся вока, таму атрымае інваліднасць і будзе камісаваны.
Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства абароны Наталля Гаўрусік пацвердзіла Еўрарадыё, што інцыдэнт на палігоне сапраўды адбыўся. Па яе словах, пацярпелы салдат знаходзіцца ў шпіталі, а віноўнік таго, што здарылася, працягвае несці службу.
"Падчас тактычна-спецыяльных вучэнняў на палігоне адзін вайсковец тэрміновай службы гэтай брыгады ненаўмысна ў цемры зрабіў стрэл халастым патронам. У выніку атрымаў траўму вока яго таварыш", — сказала прадстаўніца ведамства.
Паводле ацэнкі дактароў, пасля лячэння зрок вайскоўца адновіцца, адзначыла Гаўрусік. На дадзены момант праводзіцца провека.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.