На Мюнхенскай канферэнцыі Ціханоўская заклікала ізаляваць Пуціна і Лукашэнку

16/02/2024 - 18:29

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін / facebook.com/kommersant.ru/

На Мюнхенскай канферэнцыі Святлана Ціханоўская заклікала ізаляваць Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку. Кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета выступіла на круглым стале па Беларусі, які быў арганізаваны ISANS. Асаблівую ўвагу яна надала жахліваму становішчу палітвязняў у турмах у РБ. Ціханоўская заклікала рашуча паставіцца да пытання ізаляцыі дыктатараў і падкрэсліла: пакуль існуе рэжым Лукашэнкі, рэгіён не будзе ў бяспецы.

"У нас няма сумненняў у тым, хто нясе адказнасць за смерць Навальнага, гаварыла Святлана Ціханоўская. — Яго забіў пуцінскі рэжым. Гэта напамін усяму свету аб тым, што дыктатары не спыняюцца ні перад чым. Дэмакратычны свет павінен прадэманстраваць адвагу. Адказ на зверствы павінен быць рашучым... Нам трэба ізаляваць двух дыктатараў, пазбавіць іх рэсурсаў і прымусіць заплаціць за кожнае злачынства — супраць украінцаў, супраць беларусаў, супраць сусветнага міру і парадку".

Паводле слоў Ціханоўскай, "надышоў час дэмакратыям паказаць свае зубы".

Аляксей Навальны — вядомы палітычны апанент Пуціна. У 2020-м яго атруцілі ў Расіі, пасля чаго апазіцыянер быў у стане комы. Пасля лячэння і рэабілітацыі ў Германіі, Навальны ў 2021 годзе вярнуўся ў Маскву, ведаючы, што яго могуць арыштаваць (што і адбылося ўжо ў аэрапорце). У 2022-м яму прысудзілі 9 гадоў калоніі, а ў 2023-м дадалі яшчэ 19 гадоў. Яго 27 разоў адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Пра смерць Аляксея Навальнага ў калоніі афіцыйна паведамілі 16 лютага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі