Сустрэча ўдзельніцы "Маршу мудрасці" з удзельнікамі праўладнага маршу на плошчы Перамогі ў Мінску 19 кастрычніка 2020 года / Еўрарадыё
Улады рыхтуюць вялікі праўладны мітынг у Мінску ў нядзелю 25 кастрычніка. Традыцыйна касцяк удзельнікаў будуць складаць работнікі бюджэтных арганізацый. Еўрарадыё даведалася, чым спрабуюць завабіць патэнцыйных удзельнікаў чарговага "лутынгу".
Аляксандра (імя зменена па просьбе суразмоўніцы) працуе ў адной з школ у райцэнтры.
— Я ў "кола пасвячоных" не ўваходжу, мне дырэктар, мабыць, не давярае, але ўчора падышла вельмі засмучаная настаўніца фізкультуры і расказала, што трапіла ў спіс (у якім 8 чалавек) тых, хто ў нядзелю едзе на мітынг, — расказала настаўніца Еўрарадыё.
Тым, хто ўвайшоў у спіс удзельнікаў мітынгу, абяцаюць па два адгулы.
— На пытанне: “А ці можна адмовіцца?" было сказана: "Не, нельга". Ніякіх канкрэтных пагроз, здаецца, не паступала (ну ці настаўніца не стала мне расказваць), але ў нас дырэктар рашуча настроены і пазіцыя ў яго такая, што тых, хто не згодны з цяперашняй уладай, трэба звальняць. Таму ў нас, я так разумею, ніхто ігнараваць мітынг не будзе.
Суразмоўніца Еўрарадыё мяркуе, што ў спісе ёсць і абыякавыя, і шчырыя прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі. Усяго восем чалавек трапілі ў яго, па яе словах, праз памеры школы — яна невялікая.
Ад школы на мітынг паедуць настаўнікі розных узростаў.
— Гэтай настаўніцы фізкультуры 36. Яшчэ ведаю, што едзе такая ж маладая спецыялістка, як і я. Пра астатніх не ведаю, але вось гэтыя абедзве сядзелі ў нас у камісіі на выбарах, — дадала яна.
Яшчэ адна суразмоўніца Еўрарадыё, Вікторыя, працуе ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе ў Бярозе.
— Наколькі ведаю, нашу арганізацыю раней не падключалі да гэтага, але учорашняй раніцай мяне паклікала да сябе намесніца дырэктара па гаспадарчай частцы і кажа, маўляў, трэба з'ездзіць у Мінск у нядзелю, — расказвае яна. — Я тады яшчэ не асабліва зразумела і спытала, з якой мэтай, у адказ было: "Ну-у-у, трэба там, на пло-о-ошчу". І дадала, што шукаюць чатырох чалавек, наўзамен дадуць выхадны ў любы з дзён. Грошай не прапаноўвалі.
Ад такой "прапановы" Вікторыя адмовілася.
— І тут панеслася: "Вы што, хочаце як ва Украіне? Хочаце вайну? Вось у вас цяпер ёсць праца? Так? А можа і не быць!" Я спакойна ёй растлумачыла, што заўсёды магу знайсці працу, гэта не праблема. У выніку яна мне сказала: "Вы тут занадта разумная". І я пайшла.
Ёсць сярод патэнцыйных удзельнікаў праўладнага мітынгу і па-сапраўднаму ідэйныя — яны ўжо рыхтуюцца да мерапрыемства і абмяркоўваюць дэталі ў сваіх чатах у "Тэлеграме".
— Добры дзень, хачу схадзіць на наш мітынг у нядзелю. Але знаёмая палохае, ці мала правакацыя будзе, каб сілавікам нарэшце па поўнай можна было дзейнічаць супраць адмарозкаў-апазіцыянераў. Гэтага ж дакладна не будзе? — задаўся раніцай у чаце "ЯмыБатька" пытаннем адзін з удзельнікаў.
Агітуюць у чаце прыхільнікаў улады на яшчэ адно буйное мерапрыемства: у суботу плануецца аўтапрабег па маршруце Мінск — Магілёў. Праўда, ахвотныя пакуль ніяк не даюць аб сабе знаць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.