Ежа для салдат каштуе ўтрая менш, чым для замежных курсантаў Ваеннай акадэміі

19/11/2018 - 12:24

Нядаўна Еўрарадыё пісала, што на харчаванне аднаго салдата тэрміновай службы Міністэрства абароны выдаткоўвае ў сярэднім па 6 рублёў на дзень. Сёння нам трапіўся яшчэ адзін тэндар, звязаны з харчаваннем вайскоўцаў. У 2019 годзе Ваенная акадэмія Беларусі збіраецца карміць 10 замежных курсантаў за 73 тысячы рублёў.

Гэта ў сярэднім па 20 рублёў на дзень на кожнага замежнага курсанта. Утрая больш, чым на салдата тэрміновай службы!

Па ўмовах тэндара, пастаўшчык мусіць закупіць прадукты, даставіць іх у сталовую ВАРБ,  прыгатаваць ежу, памыць кухонны посуд, інвентар і абсталяванне, забяспечыць уборку памяшканняў сталовай і вываз адходаў. Пры прыгатаванні ежы неабходна ўлічваць нацыянальныя і рэлігійныя асаблівасці замежных ваеннаслужачых.

Замежныя курсанты харчуюцца асобна ад беларускіх.

“Замежныя курсанты харчуюцца ў асобнай зале, — распавядаюць Еўрарадыё ў сталовай №9 Ваеннай акадэміі. — Ёсць фіксаваная лічба на дзень, і на гэтую суму мы робім меню. Харчаваннем яны абсалютна задаволеныя”.

Еўрарадыё: А што ўваходзіць у меню для курсанта з-за мяжы?

— Усё залежыць ад жадання замежнікаў. З Венесуэлы, напрыклад, больш любяць курыцу: амаль кожны дзень на сняданак курыца, вячэра — курынае філе, некалькі разоў ялавічына ці свініна. У залежнасці ад пажаданняў.

Еўрарадыё: Курсант можа замовіць ежу, напрыклад, на заўтра?

— Так. Меню складаем самі, ужо пяць гадоў яны тут, таму іх густы мы ведаем. Калі трэба нешта змяніць у меню, курсант падыходзіць, мы ўносім папраўкі.

Еўрарадыё: А якое заўтра меню ў замежнікаў? 

— На сняданак філе курынае з ананасам, рыс з гароднінай, ёгурт, малако, кава, банан. На абед у асноўным яны ядуць салаты з маянэзам, з каўбасой, з крабавымі палачкамі. Салаты “Палескі”, “Сталічны”. У асноўным таксама з курыцай. На вячэру — філе курынае, кумпячкі, смажаная курыца, філе ў сыры, філе з памідорам, птушка па-іспанску.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі