У "Белмедтэхніцы" і "Белфармацыі" створаць службу ўнутранай бяспекі

14/09/2018 - 18:32

У "Белмедтэхніцы", "Белфармацыі" і іншых прадпрыемствах, на якіх высокія карупцыйныя рызыкі, створаць службу ўнутранай бяспекі. Пра гэта паведаміў міністр аховы здароўя Валерый Малашка. Ён падкрэслівае, што "гэта не проста міліцэйскія нейкія функцыі, назіранне за персаналам і гэдык далей, а найперш выбудоўванне празрыстай працэдуры закупак", інфармуе БЕЛТА.

Днямі пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы Малашка заявіў, што Міністэрства аховы здароўя Беларусі створыць "сістэму ўнутранай бяспекі". Ён і тады казаў, што патрэба не ў "міліцэйскіх функцыях", а ў "вопытных эканамістах". Задача апошніх — "кантраляваць і сярэднеўзважаныя цэны на тую тэхніку, якая набываецца, на лекавыя прэпараты... кантраляваць парадак правядзення тых ці іншых працэдур".

Міністр мяркуе, што новая служба будзе вызначаць аптымальны кошт тавара, які набываецца, падбярэ экспертаў, якія складуць тэхнічнае заданне на правядзенне закупак. Як вядома, сёлета ў беларускай медыцыне выбухнуў карупцыйны скандал, распачатая амаль сотня крымінальных спраў. І, як аказалася, якраз сістэма закупак спрыяла карупцыі. Цяпер жа кіраўнік дзяржавы паставіў задачу "выкарчаваць" карупцыю ў медыцынскай сферы "дашчэнту". Валерый Малашка паабяцаў Аляксандру Лукашэнку, што здольны змяніць сітуацыю.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі