На Акрэсціна памёр зняволены — "Новы час"

13/07/2023 - 19:38
Акрэсціна / Еўрарадыё, архіўнае фота

На пачатку лета на Акрэсціна, у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў памёр зняволены. Пра гэта журналістам "Новага часу" расказаў беларус, які адбываў там адміністрацыйны арышт паводле "палітычнага" артыкула.

Паведамляецца, што мужчыну звалі Андрэй Макарэвіч. Яго арыштавалі нібыта за дробны крадзеж. "Скраў ён пачак пяльменяў і ці то хлеб, ці то малако. Нешта такое, каб проста паесці. Працаваў ён ці мебельшчыкам, ці то абутак рабіў — нейкая простая праца ў яго была. Ён казаў, што працуе, але грошы скончыліся, і давялося яму скрасці ежы", — распавёў экс-арыштант Акрэсціна. Таксама ў Макарэвіча знайшлі ў тэлефоне "няправільныя" рэпосты ў сацсетках і пасадзілі да "палітычных".

Па словах сукамерніка, Андрэй Макарэвіч быў астматыкам, таму час ад часу прасіў у медперсанала Акрэсціна інгалятары. Іх яму выдавалі не заўсёды.

У нейкі час уся камера захварэла ад скразнякоў, і Макарэвічу станавілася горш, кажа ягоны сукамернік.

"Гэта было ў нядзелю. Я прачнуўся, хлопцы стаяць, крычаць: “Званіце ў кнопку”, — у кожнай камеры ёсць кнопка выкліку “прадольных”. Аказалася, што Андрэй устаў, схадзіў у прыбіральню, пайшоў мыць рукі і проста ля ракавіны ўпаў", — расказвае мужчына.

Лекар, які сядзеў у камеры, спрабаваў адкачаць Макарэвіча, але не атрымалася. "Хуткая" прыехала праз тры хвіліны пасля выкліку, але дапамагчы таксама не здолела.

Усіх зняволеных на нейкі час выселілі ў іншую камеру, а потым вярнулі назад. У гэты ж дзень у мужчыны, які выйшаў на сувязь з журналістамі, скончыўся адміністрацыйны арышт. Як развіваліся падзеі далей, ён не ведае. Па яго словах, Андрэй Макарэвіч не дажыў да свайго вызвалення дзень ці два — тэрмін яго арышту таксама ўжо заканчваўся.

"Новы час" падкрэслівае, што праверыць гэтую гісторыю ў цяперашніх умовах не падаецца магчымым, але верагоднасць яе вельмі высокая — пры веданні таго, у якіх умовах трымаюць людзей у месцах зняволення ці абмежавання волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі