МУС паведамляе, што адна з дзвюх перашкодаў на візавых перамовах з ЕС знятая

20/06/2017 - 16:46

Еўрасаюз папярэдне пагадзіўся даць Беларусі пераходны перыяд па пагадненні аб рэадмісіі. Пра гэта парталу tut.by паведаміў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун. Да гэтага дамовіліся бакі на сённяшніх візавых перамовах паміж Мінскам і Брусэлем. 

Гэтая дамова здымае адну з дзвюх апошніх перашкодаў у спрашчэнні візавага рэжыму для беларусаў.

Беларусь і ЕС вядуць перамовы па дзвюх пагадненнях — аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі. Абодва гэтыя дакументы трэба падпісваць у пакеце. Да сённяшніх перамоў Еўрасюаз не пагаджаўся даць Беларусі трохгадовы пераходны перыяд па пагадненні аб рэадмісіі (тэрмін, пакуль яно не дзейнічае). Мінск хацеў атрымаць гэты тэрмін, як у 2000-я атрымалі Масква і Кіеў.

Па словах Бегуна, гэты пераходны перыяд будзе "трошкі меншы" за тры гадоў, якія прасіла Беларусь. Але ад канкрэтных лічбаў прадстаўнік МУС устрымаўся. Парафіраваць гэты дакумент плануецца ўжо ўвосень. 

Перамовы аб спрашчэнні візавых працэдур курыруе МЗС. Тут асноўным рознагалоссем было патрабаванне ЕС пра ​​больш сур'ёзныя гарантыі бяспекі беларускіх дыппашпартоў. Вырашыць гэтую праблему мусіць увядзенне ў Беларусі біяметрычных пашпартоў: яно запланаванае з 2019 года.

Навінаў пра тое, як прайшла гэтая, другая частка перамоваў, пакуль няма.

Пасля падпісання пагадненняў і пачатку спрошчанага візавага рэжыму шэнгенская віза для беларусаў будзе каштаваць 35 еўра замест сённяшніх 60. Скароціцца і спіс дакументаў, якія трэба падаваць на візу. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі