Пасля апытання былых салдат МУС пачаў яшчэ адну справу за "дзедаўшчыну"

14/02/2018 - 12:00

Апытаўшы 18 тысяч былых салдат і сваякоў, Міністэрства ўнутраных спраў пачало яшчэ адну справу за "дзедаўшчыну" ў беларускім войску. Яна датычыць крадзяжу мабільніка ў колішняга салдата тэрміновай службы. Пра гэта журналістам 14 лютага распавёў міністр абароны Андрэй Раўкоў.

"Усяго было атрымана 25 заяваў. Па 18 атрыманыя адмовы, таму што гэтыя факты расследаваліся раней. Па адной заяве пачалі крымінальную справу. Па астатніх праверка працягваецца", — распавёў міністр.

Крымінальная справа стала вынікам апытанняў, праведзеных МУС пасля таго, як у кастрычніку 2017 года выявіліся факты дзедаўшчыны ў 72-м аб'яднаным навучальным цэнтры ў Печах. Цяпер Следчы камітэт расследуе яшчэ пяць крымінальных спраў. Падазраванымі і абвінавачанымі па іх праходзяць два афіцэры, два сяржанты і прапаршчык, якія праходзілі службу ў 72-м АНЦ.

Усяго ж пасля таго, як 4 месяцы таму ў Печах знайшлі цела 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча з Пінска, пачата 48 крымінальных справаў за нестатутныя адносіны ў 16 вайсковых часцях. 22 з іх — у часцях, якія ўваходзяць у 72-гі АНЦ.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі