Можа быць бясплоддзе ці аўтызм? Медык адказвае на міфы антыпрышчэпачнікаў

27/03/2024 - 11:57

Час вакцынавацца / Agence France-Presse

У Беларусі раз-пораз фіксуюць успышкі небяспечных хвароб, якія часта ўзнікаюць проста таму, што людзі не хочуць рабіць прышчэпкі. Прынамсі, у гэтым перакананыя дактары.

Нядаўна мы пісалі пра адзёр, потым у краіне загаварылі пра магчымую эпідэмію коклюшу.

Ускладненні пры гэтых захворваннях могуць быць небяспечнымі для жыцця, і галоўная мера засцярогі — вакцынацыя. Нягледзячы на тое, што рабіць прышчэпкі проста і не балюча, працэдура дагэтуль выклікае ў многіх страх і недавер.

Чаму беларусы не хочуць прышчапляцца?

Пагаварыўшы са слухачамі, Еўрарадыё сабрала самыя распаўсюджаныя адказы на гэтае пытанне і абмеркавала іх з педыятаркай і маці траіх дзяцей Маяй Церакулавай.

 

“Навошта вакцынавацца, калі ніколі не хварэла, нават на грып? Калі нават і хварэла — арганізм спраўляўся сам”

Вакцыны распрацоўваюць ад інфекцый, якія маюць цяжкія ўскладненні і могуць быць небяспечнымі для жыцця. Напрыклад, яны могуць быць у грыпу і каранавіруса. Пры гэтым само па сабе захворванне, калі яно праходзіць без ускладненняў, мае больш-менш тыповыя сімптомы звычайнай рэспіраторнай інфекцыі.

Калі чалавек перахварэў на грып або каранавірус без ускладненняў, яму пашанцавала. Можа, ён сапраўды цяпер у вельмі добрай фізічнай форме, але і гэта нічога не гарантуе. Такія людзі таксама часта хварэюць вельмі цяжка, таму прышчапляцца неабходна, каб быў імунітэт да хваробы.

Гэта як з рамянём бяспекі ў машыне — трэба прышпільвацца, нават калі дагэтуль вы ні разу не траплялі ў аварыю.

 

“Часта чула пра сувязь вакцынацыі і аўтызму”

Нехта некалі нешта такое прыдумаў, і гэта стала жывым міфам. Паводле статыстыкі, сярод людзей з аўтызмам большая колькасць невакцынаваных. Так здарылася, бо яны з нараджэння мелі нейкія неўралагічныя праявы, якія раней давалі падставы для медыцынскіх адводаў ад вакцынацыі і дадатковага назірання.

Таксама статыстычна сярод дзяцей з аўтызмам менш вакцынаваных, чым сярод усіх дзяцей у папуляцыі.

Калі шукаць нейкую ўзаемасувязь, то можа падацца, што вакцынацыя абараняе ад аўтызму, але не. Насамрэч гэта ўсё не ўзаемазвязана. Вакцынацыя як не выклікае аўтызму, так і не душыць яго.

“Прышчэпкі перагружаюць імунітэт”

Імунітэт — гэта сістэма арганізма, скіраваная на барацьбу з вірусамі, бактэрыямі. Яна існуе ва ўсіх жывых арганізмаў усю гісторыю эвалюцыі. Усё сваё жыццё чалавек сустракаецца з патагенамі, якія ўплываюць на яго з навакольнага асяроддзя і могуць выклікаць захворванні.

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі