Міжнародную абарону ў Германіі атрымалі сорак беларусаў з тысячы

18/06/2024 - 07:33

Марыя Рудзь / "Позірк"

Беларускія палітуцекачы нячаста пераязджаюць у Германію, бо ў гэтай краіне сустракаюць "высокі бюракратычны бар'ер". Пра гэта кажа сустаршыня аб'яднання беларусаў Германіі "РАЗАМ e.V." Марыя Рудзь.

Паводле яе словаў, якія прыводзіць "Позірк", 300 беларускіх палітуцекачоў атрымалі гуманітарную візу ў Германіі: "Для гэтага патрэбныя вельмі сур'ёзныя доказы таго, што чалавека пераследуюць на радзіме. Даныя аб ператрусах, адміністрацыйныя і крымінальныя пратаколы. /.../ Персона павінна знаходзіцца не ў Германіі і не ў Еўрасаюзе".

А вось на міжнародную абарону было пададзена тысяча заявак ад беларусаў, але станоўчых адказаў было не больш за 40. "Гэта доўгі працэс, які мае нізкі працэнт пазітыўных адказаў. Чалавек павінен знаходзіцца ў Германіі, абавязаны жыць у лагеры для бежанцаў, а таксама павінны быць дакументы, якія даказваюць рэальную небяспеку знаходжання чалавека ў Беларусі", — тлумачыць Рудзь.

Прадстаўніца дыяспары таксама згадала праблему з абменам беларускіх пашпартоў. У Германіі, паводле яе, з гэтым могуць сутыцкнуцца каля 30 тысяч беларусаў. Рудзь кажа, што ў гэтай краіне можна атрымаць пашпарт замежніка, з якім можна легальна знаходзіцца ў краіне, вучыцца, працаваць і часткова падарожнічаць.

"Мы звярнулі ўвагу на той факт, што ведамствы не інфармаваныя пра сітуацыю з беларусамі. У выніку лакальным міністэрствам і ўпраўленням у справах замежнікаў была разасланая даведка з інфармацыяй аб тым, што консульскія пытанні не могуць быць развязаныя за мяжой Беларусі, і гэта палепшыла сітуацыю з выдачай пашпартоў замежніка", — дадае актывістка.

Яна кажа, што многія беларусы атрымалі пашпарт замежніка. Аднак былі выпадкі, калі людзям з гуманітарнымі візамі адмаўляліся выдаць гэты дакумент і прапаноўвалі ехаць у Беларусь для замены пашпарта.

Таксама Рудзь заяўляе пра выпадкі, калі людзям адмаўлялі ў міжнароднай абароне ў Германіі, яны вярталіся ў Беларусь, дзе іх арыштоўвалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі