Міжнародная федэрацыя каноэ не захацела плаціць Беларусі 500 тысяч долараў. Гэта мусіла быць кампенсацыя за дыскваліфікацыю шэрагу беларускіх спартсменаў перад Алімпіядай у Рыа ў 2016 годзе. Атрымаўшы з Беларусі патрабаванне аб выплаце кампенсацыі, міжнародная федэрацыя каноэ заявіла, што згодная заплаціць Беларускай асацыяцыі каноэ толькі 8 тысяч еўра, у адпаведнасці з рашэннем Спартыўнага суда ў Лазане. Іншых плацяжоў не будзе.
Міжнародная федэрацыя каноэ і зараз лічыць, што “была ўпаўнаважаная дыскваліфікаваць Беларусь пасля мноства допінгавых парушэнняў, зафіксаваных падчас збораў у Францыі перад Алімпійскімі гульнямі ў Рыа-дэ-Жанейра”. “Прессбол” нагадвае, што ў студзені 2017 года міжнародны арбітражны спартыўны суд зняў з мужчынскай зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ аднагадовую дыскваліфікацыю, якую летась наклала згаданая міжнародная федэрацыя з-за падазрэнняў у парушэнні антыдопінгавых правілаў.
Дарэчы, як інфармуе БЕЛТА, у аўторак генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Анатоль Котаў заявіў, што НАК накіраваў ад імя спартсменаў і міністэрства спорту і турызму прэтэнзію да міжнароднай федэрацыі каноэ “з просьбай кампенсаваць усе выдаткі і маральныя страты”. Калі станоўчага адказу не будзе, беларускі бок звернецца ў міжнародныя суды. Як бачым, міжнародная федэрацыя плаціць кампенсацыю ў памеры 400-500 тысяч долараў не збіраецца (у згаданую суму былі ўключаны прызавыя, якія мусілі атрымаць спартсмены ў выпадку перамогі, а таксама выдаткі на падрыхтоўку каманды).