"Міжнародная амністыя" заклікае вызваліць затрыманых на акцыях "недармаедаў"

13/03/2017 - 17:36

Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" заклікае беларускія ўлады вызваліць усіх, каго затрымалі на акцыях "недармаедаў" за апошнія дні. У заяве, абнародаванай на сайце арганізацыі, адзначаецца, што за мінулыя выходныя ў нашай краіне былі затрыманыя дзясяткі мірных дэманстрантаў і журналістаў падчас маштабнага наступу на свабоду выказвання думак і мірныя сходы.

"Пасля таго, як першапачаткова дазволеныя пратэсты супраць вельмі спрэчнага падатку на беспрацоўе працягнуліся, улады вярнуліся да звыклага рэфлексу затрымання мірных дэманстрантаў. Гэтая эскалацыя выклікае трывогу, і адвольныя затрыманні іншадумцаў мусяць быць неадкладна спыненыя", — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Раней з аналагічным заклікам (вызваліць усіх затрыманых на акцыях пратэсту) звярнулася да беларускіх уладаў прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч

Дырэктар рэгіянальнай арганізацыі "Міжнародная амністыя" па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Джон Дальхузен заявіў, што беларускія ўлады павінны паважаць права на свабоду мірных сходаў і выказванне думак. 

Паводле падлікаў беларускіх праваабронцаў, за апошнія дні па ўсёй краіне былі затрыманыя больш за 70 чалавек. Большасць з іх — у сувязі з так званымі "маршамі недармаедаў". Удзельнікам акцыяў прысуджаюць вялікія штрафы альбо арыштоўваюць на суткі. У прыватнасці, вялікія штрафы мусяць заплаціць журналісткі Галіна Абакунчык і Кацярына Бахвалава, затрыманыя 12 сакавіка на акцыі пратэсту ў Оршы. Па 15 сутак правядуць за кратамі лідары апазіцыі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Юрый Губарэвіч, Павел Севярынец

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі