Мінкульт: Уладальнік рэстарана каля Курапатаў не пісаў пра стварэнне мемарыяла

25/07/2018 - 16:56

Міністэрства культуры ў 2012 годзе не атрымлівала зварот кампаніі "БелРэстІнвест" з прапановай прафінансаваць стварэнне мемарыяльнага комплексу ў Курапатах. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе Мінкульта на запыт партала tut.by.

Звесткі пра такі зварот агучыў 20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі саўладальнік рэстарана "Поедем поедим" Леанід Зайдэс. Па яго словах, кампанія ў 2012 годзе даслала ў Мінкульт прапанову прафінансаваць стварэнне мемарыяла ў Курапатах. У лісце, па словах Зайдэса, нават называўся прыблізны аб'ём прапанаваных інвестыцыяў — 1 мільярд недэнамінаваных рублёў. Прадпрымальнік заявіў, што ажыццявіць гэты праект не атрымалася, "і не па нашай віне". Ён нават паказаў копію ліста.

У Мінкульце сцвярджаюць, што такога звароту ў 2012 годзе не атрымлівалі. У афіцыйным адказе за подпісам намесніка міністра А.Яцко гаворыцца: "Усе ўваходныя дакументы ў абавязковым парадку рэгіструюцца ў аддзеле арганізацыйнай работы і дакументазвароту Міністэрства культуры. Па выніках праверкі ўстаноўлена, што ў сістэме аўтаматызацыі справаводства і электроннага справаводства "Справа" Міністэрства культуры зварот СТА "БелРэстІнвест" ад 2012/11/13 № 110 не зарэгістравана".

Больш за тое: Мінкульт заяўляе, што з 2012 па 2018 год "БелРэстІнвест" не рабіў запыты ў ведамства наконт таго, што не атрымаў адказ на свой зварот. 

Ліст, які дэманстраваў Зайдэс. Фота: tut.by
Адказ Мінкультуры. Фота: tut.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі