Міністр аховы здароўя паведаміў Лукашэнку, што эпідэміі грыпу не будзе

15/02/2016 - 12:43

Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб не было неабгрунтаванага росту коштаў на лекі. Пра гэта ён паведаміў 15 лютага міністру аховы здароўя Васілю Жарко, калі прымаў яго з дакладам.

Кіраўнік Беларусі выказаў занепакоенасць, што вытворцы і асабліва гандаль будуць старацца паступова падымаць кошты, бо людзі будуць купляць лекі.

"Гэта недапушчальна. Вядома, я не за тое, каб мы загналі аптэкі або іншых вытворцаў у страты. У адваротным выпадку мы будзем вымываць наменклатуру тавараў і лекаў, мы страцім гэтую наменклатуру. Ніхто ў страту працаваць не будзе, але і нажывацца за кошт гэтага, асабліва гандлёвым арганізацыям, дазволіць нельга", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі. Ён дадаў, што сітуацыю з коштамі ў аптэках трэба кантраляваць і надалей.

У сваю чаргу міністр аховы здароўя распавёў, што перадумоў для абвяшчэння эпідэміі грыпу ў Беларусі няма.

Жарко: "Сітуацыя па захворванні і прастудных захворваннях, у тым ліку і на грып, у нас знаходзіцца на нізкім узроўні. Нават калі браць у параўнанні з мінулым годам, то на сённяшні дзень на 10% ніжэй, чым у мінулым годзе. У нас няма эпідэміі і нават яе не намячаецца".

Па словах Жарко, якія перадае СТВ, у апошнія два тыдні ў Беларусі быў невялікі рост захворванняў на грып, але гэта штогадовая з'ява.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі