Мінабароны зарабіла на здачы металалому болей за 77 мільярдаў рублёў

17/04/2016 - 09:50

Міністэрства абароны за 2015 года зарабіла на здачы металалому болей за 77 мільярдаў рублёў. Супрацоўнікі рамонтных майстэрняў і цэхаў Узброеных сіл Беларусі разабралі каля 11 тысяч адзінак узбраення і ваеннай тэхнікі і болей за 10 мільёнаў адзінак ваенна-тэхнічнай маёмасці. Менавіта ад гэтай другаснай сыравіны ў бюджэт ведамства паступіла такая сума. Пра гэта ў інтэрв’ю “Беларускай ваеннай газеце” паведаміў намеснік начальніка галоўнага фінансава-эканамічнага ўпраўлення Мінабароны генерал-маёр запасу Анатоль Касавец.

Па яго словах, ваеннае ведамства пазбаўляецца ад залішкаў маёмасці. У мінулым годзе сумесна з РУП “Белспецкантракт” было праведзена 18 аўкцыёнаў па рэалізацыі вызваленых матэрыяльных рэсурсаў, былі арганізаваныя тры выставы-продажы. Найбольшай папулярнасцю ў спажыўцоў карысталіся грузавыя аўтамабілі, спецтэхніка, самазвалы і некаторыя іншыя машыны. Прыбытак ад гэтых аўкцыёнаў і выставаў склаў каля 117 мільярдаў рублёў.

Сёлета запланаваныя яшчэ чатыры такія выставы-продажы. Першая пройдзе ў красавіку на 2783-й базе захоўвання і ўтылізацыі бранятанкавай маёмасці ў Магілёве. Яшчэ тры выставы пройдуць на базах у Бярозе, Красным і Міханавічах, перадае БелаПАН.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі