Мікалая Дзядка, які толькі выпісаўся з бальніцы, асудзілі на 10 сутак арышту

29/03/2017 - 17:02

29 сакавіка Партызанскі суд Мінска асудзіў на 10 сутак арышту былога палітвязня Мікалая Дзядка (рашэнне вынес суддзя Неўмяржыцкі). Дзядка затрымалі падчас разгону вулічнай акцыі на Дзень Волі і жорстка збілі ў міліцэйскім аўтобусе (ён кажа, што білі кулакамі па галаве). З чэрапна-мазгавой і іншымі траўмамі яго шпіталізавалі ў бальніцу хуткай меддапамогі. Там Мікалая Дзядка вартавалі міліцыянеры. У сераду, адразу пасля выпіскі з бальніцы, яго завезлі ў Партызанскі РУУС, а адтуль — у суд.

Як паведамляе сайт spring96.org, суддзя не задаволіў хадайніцтва аб вызваленні Дзядка, паколькі прайшло больш за 96 гадзін пасля яго затрымання. Высветлілася, што ў справе аб удзеле ў несанкцыянаванай акцыі з’явіўся яшчэ адзін пратакол, пра сённяшняе затрыманне Мікалая ў 12.30 на вуліцы Кіжаватава! Але ў гэты час ён ехаў з бальніцы ў міліцыю. Суддзю, аднак, гэта не цікавіла, як і разыходжанні ў паказаннях сведак.

Радыё Свабода дадае, што ў прызначаны судом тэрмін не ўваходзяць 4 дні, якія Мікалай Дзядок быў фактычна пад вартай у бальніцы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі