Міхаіла Саакашвілі пазбавілі грузінскага грамадзянства

04/12/2015 - 14:44

Прэзідэнт Грузіі Георгій Маргвелашвілі пазбавіў былога кіраўніка дзяржавы Міхаіла Саакашвілі грузінскага грамадзянства. Цяпер Саакашвілі мае ўкраінскі пашпарт. 30 кастрычніка міністр юстыцыі Грузіі Тэа Цулукіані заявіў, што былога прэзідэнта пазбавяць грамадзянства, бо ён цяпер падданы іншай краіны.

З траўня гэтага года Міхаіл Саакашвілі працуе губернатарам Адэскай вобласці. Каб ён змог заняць гэтую пасаду, яму далі ўкраінскае грамадзянства.

Саакашвілі называе такое рашэнне грузінскага кіраўніцтва палітычна матываваным. Па яго словах, ва Украіне дзейнічае двухгадовы пераходны перыяд, які дазваляе выходзіць з іншага грамадзянства. Таксама ён звяртае ўвагу на тое, што ва Украіне працуе шмат грузінскіх грамадзянаў, якія раней атрымалі ўкраінскія пашпарты і супраць іх не прымалі такіх захадаў.

На думку палітыка, грузінскія ўлады прынялі такое рашэнне, каб не дапусціць яго ўдзелу ў наступных прэзідэнцкіх выбарах у краіне.

Саакашвілі быў прэзідэнтам Грузіі быў у 2004-2007 і ў 2008-2013 гадах. Пасля адстаўкі ён некаторы час жыў у Злучаных Штатах, а затым з’ехаў ва Украіну.

На радзіме на яго завялі некалькі крымінальных справаў. Грузі звярталася да Украіны з просьбай выдаць Саакашвілі, аднак атрымлівала адмовы ўкраінскай Генпракуратуры, паведамляюць замежныя СМІ.

Фота: REUTERS

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі