Міхаіл Захараў пакінуў ХК "Юнацтва"

10/09/2019 - 16:55

Галоўны трэнер хакейнай зборнай Беларусі Міхаіл Захараў пакінуў пасаду галоўнага трэнера мінскага ХК "Юнацтва". Гэтую інфармацыю парталу TUT.by пацвердзіў гендырэктар клуба Аляксей Торбін.

Захараў стаяў на чале "Юнацтва" з 1996 года. Толькі два разы ён на ​​пару месяцаў пакідаў каманду. Пад яго кіраўніцтвам клуб восем разоў выйграваў чэмпіянат Беларусі і тройчы перамагаў у Кантынентальным кубку.

У жніўні 2019-га Захарава прызначылі галоўным трэнерам зборнай Беларусі. Ён будзе рыхтаваць каманду да хатняга чэмпіянату свету 2021 года. 

Па словах Торбіна, рашэнне пра сыход Захарава з "Юнацтва" было прынятае па дамоўленасці паміж клубам, федэрацыяй хакея і самім трэнерам. 

"Думаю, з новым галоўным трэнерам "Юнацтва" ў Міхаіла Захарава будзе выдатны кантакт і ўзаемадзеянне. Мы плануем даверыць каманду спецыялісту, які раней ужо працаваў з Міхаілам Міхайлавічам, у тым ліку і ў нашым клубе, каб "Юнацтва" працягнула паспяхова развівацца ў зададзеным кірунку", — дадаў гендырэктар.

Імя новага галоўнага трэнера будзе абвешчанае заўтра. Паведамляецца, што асноўным кандыдатам на гэтую пасаду з'яўляецца беларус Аляксандр Макрыцкі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі