Магілёвец збіў кіроўцу за заўвагу пра няправільны пераход дарогі ўначы

17/09/2019 - 10:07

29-гадовы кіроўца адной з магілёўскіх арганізацый заявіў у міліцыю, што яго збіў невядомы мужчына, перадае прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Інцыдэнт адбыўся каля гадзіны ночы на ​​праезнай частцы дарогі каля аднаго з дамоў па вуліцы Ямніцкай.

Як высветлілі міліцыянты, жыхара аграгарадка Палыкавічы збіў 35-гадовы індывідуальны прадпрымальнік, раней неаднаразова судзімы за шматлікія крадзяжы і хуліганства. Магілёвец у цемры пераходзіў праезную частку ў непрызначаным для гэтага месцы. За руку ён вёў дзіця, якое разгледзець у цемры было яшчэ цяжэй, чым дарослага. 

Кіроўца, які праязджаў міма, спыніўся і выйшаў з салона, каб зрабіць пешаходу заўвагу. Ён звярнуў увагу, што мужчына ставіць пад пагрозу не толькі сваё жыццё, але і здароўе малалетняга сына. Аднак магілёвец адрэагаваў агрэсіўна: стукнуў кіроўцу па галаве, а потым спакойна пайшоў далей. Пацярпелы выклікаў праваахоўнікаў.

Міліцыянты затрымалі нападніка. На яго могуць пачаць крымінальную справу за хуліганства. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі