У пасёлку Чапаеўка, які называюць “цыганскім”, у Магілёве ідуць затрыманні і допыты цыган. Гэта звязана з забойствам 22-гадовага лейтэнанта магілёўскай ДАІ Яўгена Патаповіча ўвечары 16 траўня.
Пасёлак Чапаеўка — гэта вялікі прываты сектар у Магілёве. Тамтэйшыя з вуліцы Каманіна падцвердзілі Еўрарадыё, што да цыганоў сапраўды прыходзяць міліцыянеры. Але беларусы, якія жывуць у Чапаеўцы, ніякай пагрозы ад цыганоў не адчуваюць.
“Пра супрацоўніка ДАІ я, на жаль, чула, — распавядае Еўрарадыё жыхарка Чапаеўкі. — Тут не так і шмат цыганоў жыве. Можа, 6-7 сямей. У 90-я цыганы стваралі сапраўдныя праблемы. Цяпер — не. Не думаю, што іх затрымліваюць па падазрэнні... Хутчэй за ўсё, для допыту. Ніхто вуліцы, дзе жывуць цыганы, не абыходзяць бокам”.
Прадавачка крамы “Родны кут” распавядае Еўрарадыё, што гадоў 5-6 назад цыганы гандлявалі наркотыкамі. Цяпер такой праблемы няма.
— У шоку ад таго, што адбылося [забойства супрацоўніка ДАІ. — Еўрарадыё], — кажуць у краме на вуліцы Акцюбінскай. — Мы былі выхадныя. Толькі сёння [17 траўня. — Еўрарадыё] выйшлі на змену. Прыходзіў супрацоўнік, нашых работнікаў дапытваў.
Пасёлак у народзе называюць “цыганскім”, але ўжо шмат хто [з іх] з’ехаў ва Украіну. Тыя, каго мы ведаем, хто прыходзіць у краму — яны добрасумленныя. Не крадуць, разлічваюцца, і ўсё.
Еўрарадыё: Што набываюць?
— Хлеб, малако. Спіртное не бяруць. Дзецям цукеркі. У нас крама маленькая. У асноўным едуць у “Еўраопт”, “Белмаркет”.
Еўрарадыё: На вуліцах, дзе жывуць цыганы, не страшна хадзіць?
— Не. Я тут 30 гадоў адпрацавала. Яны мяне ўсе ведаюць. Я не баюся. Можа 5-6 гадоў назад яны займаліся наркатой. Цяпер такога няма. Засталіся добрасумленныя. Працуюць. У краме яны разлічваюцца карткамі.
Жыхар пасёлка Уладзімір распавёў Еўрарадыё, што ў яго дома сёння [17 траўня. — Еўрарадыё] быў АМАП.
— Да нас прыязджалі амапаўцы, дапытвалі, — кажа Уладзімір. — Пыталіся, ці ведаем мы, дзе знаходзіцца забойца. Абшукалі дом. Казалі, што людзей шукаюць. Менавіта цыганоў. З маіх нікога не затрымалі.
Еўрарадыё: Як лічыце, чаму менавіта цыганоў дапытваюць?
— Думаюць, што цыганы ведаюць, дзе забойцы і хто гэта. Я прачытаў навіны пра забойства… Зразумела, што гэта не здаровыя людзі зрабілі.
Еўрарадыё: Што думаюць цыганы паміж сабой?
— Шчыра кажучы, мы ўвогуле не ведаем, што магло адбыцца. Мы самі ў шоку, калі яны забілі міліцыянера. Наколькі ведаю, здаецца, усіх адпусцілі.
Еўрарадыё: А чорная "Волга"?..
— Я яе не бачыў. Гэта нейкія расійскія цыганы. Не ведаю, да каго яны маглі прыехаць.
Пошукі падазраваных у забойстве афіцэра ДАІ працягваюцца. Міліцыя звярнулася па дапамогу да грамадства. За інфармацыю пра забойцаў абвешчана ўзнагарода, ананімнасць гарантуецца.