Лыжка мёду: вакансія на 100 тысяч долараў і "заяц" у паліцэйскай форме

19/07/2021 - 17:55
Лыжка мёду на Еўрарадыё

Пакуль у Ізраілі думалі над тым, як знайсці гаспадароў, якія не прыбіраюць за сваімі сабакамі, у Польшчы беларус прыбраў лес каля свайго хостэла. Як выглядае рэдкі кашэчы лемур, які нарадзіўся ў Маскве? Навошта "зайцу" спатрэбілася пераапранацца ў форму паліцэйскага? Дзе зарабіць 100 тысяч долараў і не застацца галодным? 

Адказы на гэтыя пытанні — у аглядзе самых добрых, смешных, а часам абсурдных навін на Еўрарадыё.


 

Дзіцяня рэдкага кашэчага лемура Вжык з'явілася на свет

У Маскоўскім заапарку ў кашэчых лемураў Міры і Фунціка нарадзілася дзіцяня па мянушцы Вжык, і гэта сапраўды падзея! Натуральная папуляцыя мадагаскарскіх лемураў змяншаецца з году ў год, таму розныя заапаркі свету працуюць над стварэннем рэзервовай папуляцыі віду ў няволі.

"Першыя паўгода нованароджаны будзе вялікую частку часу праводзіць на спіне маці. Паколькі гэтая ноша даволі цяжкая, стомленай роднай маці дапамагаюць яе сёстры, дочкі і бабуля. Часам даглядае малога і Фунцік. Усе члены групы ставяцца да малога з цікавасцю і прыязнасцю", — распавядае пра новага гадаванца генеральная дырэктарка заапарка Святлана Акулава.

Кашэчыя лемуры жывуць толькі на Мадагаскары і занесеныя ў Чырвоную кнігу. Працягласць жыцця лемураў у натуральным асяроддзі рэдка перавышае 16 гадоў, а вось у няволі яны могуць дажыць і да 30.

Пераапранаўся паліцэйскім, каб не плаціць за праезд

У Празе 52-гадовы мужчына вынайшаў вельмі арыгінальны спосаб катацца ў грамадскім транспарце "зайцам". Каб падманваць кантралёраў, ён час ад часу пераапранаўся ў форму паліцэйскіх і патрульных. 

Аднойчы ён падышоў да сапраўдных паліцыянтаў і, мабыць, вырашыўшы пажартаваць, папрасіў іх дапамагчы ў высвятленні асобы чалавека, "які павінен быць затрыманы". "Калегаў" па форме збянтэжыў неахайны выгляд мужчыны і тое, што ад яго несла перагарам. 

Праваахоўнікі хутка высветлілі, што той, хто звярнуўся да іх, не мае дачынення да паліцыі. Мужчыну давялося ва ўсім прызнацца.

Мужчына ў форме паліцэйскага / MP Praha

Прыбраў смецце і здзівіў мэрыю

Размова, вядома, пра ахайнага беларуса. Аляксандр Худовіч прыехаў на заробкі ў польскі горад Зялёна-Гура і здзівіў мясцовых жыхароў. Пасля начной змены на заводзе ён пайшоў у лес непадалёк ад свайго хостэла і прыбраў там смецце. 

"Хітраваць не буду, я прытаміўся. Ужо хочацца спаць, — кажа Аляксандр у выкладзеным на ютуб відэа. — На самай справе гэта было нескладана. Самае складанае было ўгаварыць сябе пайсці і зрабіць нешта добрае". 

Ролікам зацікавілася зеленагурская мэрыя. Мужчыну знайшлі, і цяпер яго чакае ўзнагарода.

Еш, падарожнічай і атрымлівай 100 тысяч долараў

У ЗША вытворца прадуктаў харчавання McCormick & Company ўпершыню абвясціў аб пошуку дырэктара па така. Супрацоўнік, якога возьмуць на гэтую пасаду, будзе падарожнічаць у пошуках новых рэцэптаў стравы, і за чатыры месяцы працы ён атрымае 100 тысяч долараў. 

Патрабаванні — дэгуставаць така, сачыць за апошнімі трэндамі мексіканскай стравы ў цік-току і іншых сацсетках, а таксама прыдумляць новыя рэцэпты яго прыгатавання. Вакансія апублікаваная на сайце кампаніі.

Вопыт працы неабавязковы, але дырэктар павінен быць грамадзянінам ЗША і старэйшы за 21 год. Каб падаць заяўку, трэба запісаць відэа, не даўжэйшае за дзве хвіліны, якое "раскрые вашу асобу і любоў да така".

Падарожнічаць і ёсць така — праца мары / escobar.kh.ua

Прыдумалі, як знаходзіць уладальнікаў, якія не прыбіраюць за сабакамі

У Тэль-Авіве прыдумалі, як навучыць гаспадароў прыбіраць за сваімі гадаванцамі. Для ажыццяўлення плана жыхароў горада абавяжуць здаць узоры ДНК сабак для спецыяльнай базы дадзеных.

Завесці дома сабаку ў Ізраілі можна толькі атрымаўшы спецыяльную ліцэнзію. Цяпер яе не будуць выдаваць або падаўжаць тым, хто не стане здаваць узоры ДНК гадаванцаў. Штрафы за непрыбраныя экскрэменты будуць рассылацца па электроннай пошце. Гаспадароў таксама абавяжуць аплаціць выдаткі на ДНК-тэст.

На прагулцы / pulse-uk.org.uk

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі