Людзі купляюць кватэры нават без крэдытаў, але стратных будфірмаў стала больш

01/12/2021 - 15:22
Сярэдняя цана "квадрата" ў мінскай абсталяванай кватэры — ад $1300 да $1450 / Еўрарадыё

Стратных арганізацый у будаўніцтве становіцца больш. Калі за дзевяць месяцаў мінулага года іх было 111, то цяпер — 204. Гэта амаль чвэрць усіх кампаній галіны.

Пры гэтым попыт на жыллё вышэйшы, чым летась. Дый будоўлі ідуць. У эксплуатацыю ўведзена 3371,5 тысячы жылых квадратных метраў. Гэта на 9,4% больш "квадратаў", чым у студзені — верасні мінулага года.

Еўрарадыё даведалася, чаму попыт на нерухомасць ёсць, але будаўнічым фірмам ад гэтага не лягчэй. Яшчэ паглядзелі, колькі ў сярэднім каштуе "квадрат" у Мінску.

 

З дзяржпадтрымкай будоўля стратная

Становішча будаўнічых арганізацый стала цяжэйшым праз тое, што кошт абслугоўвання даўгоў апошні год рос. Свой уклад магло ўнесці і будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай, адзначае акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.

Будаўніцтва з дзяржпадтрымкай патрэбнае, але павінна быць уладкавана больш эфектыўна / pexels.com

З агульнага аб'ёму амаль траціна жылля пабудавана з дзяржпадтрымкай. Датацыйных квадратаў у студзені — кастрычніку пабудавалі на 17,7% больш, чым за той жа перыяд мінулага года.

— Такое будаўніцтва звычайна мае абмежаванне па рэнтабельнасці. Кампаніі могуць будаваць у страту, паколькі гэта ў асноўным дзяржаўныя кампаніі і робяць.

Каб дапамагчы пабудаваць жыллё тым, хто мае патрэбу, частку расходаў фірмы проста бяруць на сябе.

— Хутчэй за ўсё, мае месца той факт, што дзяржава спрабуе кампенсаваць зніжэнне ў будаўніцтве ў цэлым, стымулюючы жылое будаўніцтва, на якое ўсё яшчэ ёсць попыт, — працягвае Кацярына Барнукова. — Увогуле дзяржпадтрымка — гэта нармальна. Проста трэба разумець, што бываюць розныя яе формы. Калі мы бачым, што шмат стратных арганізацый, значыць, гэты план дзяржпадтрымкі не вельмі добра працуе.

Пры гэтым іншых значных негатыўных наступстваў для эканомікі пакуль няма.

— Мы не бачым вялізнага негатыўнага ўплыву тых самых дырэктыўных крэдытаў у будаўніцтве на макраэканамічную сітуацыю ўжо цяпер. Пакуль гэта пад кантролем.

 

Рынак стабільны, але ў 2022 годзе будзе дрэнна

У цэлым попыт на рынку жылля стабільны ў 2021 годзе і вырас у параўнанні з мінулым годам, хоць крэдыты сталі менш даступныя. Па звестках агенцтва "Твая сталіца", у кастрычніку ў Мінску купілі каля 1200 кватэр. Традыцыйна людзей больш цікавіць другаснае жыллё. Здзелак з новабудоўлямі было толькі 15%.

Купля жылля па месяцах / "Твая сталіца"

Кацярына Барнукова адзначае, што ў людзей пакуль ёсць грошы.

— Усе паказчыкі пакуль што паказваюць рост. Плюс складваецца такая сітуацыя, што людзі дастаюць грошы з банкаў. І не хочуць іх вяртаць назад. Тады нерухомасць аказваецца адзіным варыянтам укладання сродкаў. Яшчэ ўсплёск попыту на кватэры сёлета — гэта адлюстраванне адкладзенага попыту 2020 года.

Пакупнік не выходзіў на рынак, а цяпер убачыў, што вялікага зніжэння цэн няма. Значыць, больш адкладаць куплю няма сэнсу.

Купіць кватэру ўсё ж не так проста. Праз тое, што крэдытаванне скарацілася, людзі сталі часцей выбіраць кампактныя і недарагія кватэры. Звычайна гэта двухпакаёвыя хрушчоўкі або брэжнеўкі. Або аднапакаёвыя і двухпакаёвыя кватэры ў стандартных панэльных дамах 1974–1999 гадоў пабудовы. А таксама аднапакаёвыя кватэры ў сучасных панэльных дамах або аднапакаёўкі і двухпакаёўкі ў сучасных каркасна-блокавых дамах.

Вялікіх скачкоў цэн на жыллё ў 2021 годзе няма. Па падліках "Тваёй сталіцы", у лістападзе квадрат у кватэры, дзе трэба рабіць рамонт, каштуе $1040–1210 у залежнасці ад колькасці пакояў. Чым іх больш, тым "квадрат" таннейшы. У кватэрах, гатовых да пражывання, цэны ад $1300 да $1450.

Цэны на жыллё ў Мінску ў 2021 годзе / "Твая сталіца"

Налета рынку нерухомасці давядзецца дрэнна праз зніжэнне эканомікі і, адпаведна, даходаў людзей.

— Улічваючы негатыўны прагноз для эканомікі, зніжэнне інвестыцыйнага попыту і спажывецкага, рынак жылога будаўніцтва налета не будзе добра сябе адчуваць, — заключае Кацярына Барнукова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі